Іосіф Іванавіч Каржанеўскі (польск.: Józef Korzeniewski, літ.: Juozapas Koženevskis; 19 сакавіка (31 сакавіка) 1806 — 21 мая 1870) — беларускі вучоны ў галіне хірургіі і інфекцыйных хвароб, доктар медыцыны.
Нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў гімназію ў Нясвіжы, медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Працаваў пры ўніверсітэце памочнікам празектара анатоміі. У 1829 годзе абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны.
У 1831 годзе пакінуў службу і паехаў у Брэст-Літоўск і Віцебск, дзе прымаў удзел у барацьбе з халерай. У 1832 г. памочнік празектара хірургічнай клінікі Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1835 годзе экстраардынарны прафесар, выкладаў дэсмургію (раздзел хірургіі — вучэнне аб павязках). У 1837—1839 гадах займаўся ва ўніверсітэцкіх клініках за мяжой і па вяртанні ў 1840 годзе прызначаны экстраардынарным прафесарам і дырэктарам акадэмічнай клінікі. Пасля закрыцця акадэміі ў 1843 годзе застаўся па-за штатам і займаўся практычнай дзейнасцю па хірургіі ў Вільне. Быў вядомы ў Польшчы як лепшы хірург. Аўтар навуковых прац па пытаннях лячэння сыпнога тыфу, пераломаў, артапедыі, дэсмургіі.