Ігар Аляксандравіч Бортнік (нар. 25 лістапада 1978, Рыга) — беларускі гісторык і філосаф, педагог, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.
Скончыў у 2001 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя». У 2001—2004 гадах навучаўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук па спецыяльнасці «Гісторыя філасофіі» абараніў 26 чэрвеня 2007 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тэма дысертацыі: «Праблема талеранцыі ў філасофскай і сацыяльна-палітычнай думцы Вялікага княства Літоўскага і Польшчы XVI—XVII стст.», навуковы кіраўнік — Анатоль Аляксандравіч Лягчылін. Рашэннем ВАК Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе яму было прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Філасофія».
Зараз працуе над напісаннем доктарскай дысертацыі «Сацыяльна-палітычная думка Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI — першай паловы XVII стагоддзя ў агульнаеўрапейскім кантэксце» (навуковы кансультант — прафесар Таццяна Пятроўна Кароткая), з 2016 года з’яўляўся дактарантам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З часу заканчэння ўніверсітэта і па 2021 год працаваў у Полацкім дзяржаўным універсітэце: з’яўлялася асістэнтам, старэйшым выкладчыкам кафедры філасофіі (2001—2003), дацэнтам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін (з 2007 года). У 2009—2019 гадах быў загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праходзіў стажыроўкі ў Варшаўскім універсітэце і Інстытуце гісторыі Польскай акадэміі навук (Польшча, 2005, 2006, 2007, 2009 гады), Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце (Расія, 2008 год) і інш. Быў сябрам рэдакцыйнай калегіі навукова-тэарэтычнага часопіса «Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта».
Супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання.
У кастрычніку 2021 года новапрызначаны рэктар ПДУ Алег Раманаў звольніў Ігара Бортніка з універсітэта па палітычных матывах. Затрыманы 29 сакавіка 2023 года ў выніку маштабнай аблавы ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку[1]. 31 сакавіка 2023 года пакараны 10 суткамі арышту па артыкуле 19.11 КоАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»[2]. Суд Наваполацка прызначыў яму яшчэ 13 сутак арышту 10 красавіка 2023 года. Пасля адбыцця пакарання на волю зноў не выйшаў, быў пераведзены ў СІЗА № 2 у Віцебску. Пазней яго павярнулі ў Наваполацк, але дадалі яшчэ 15 сутак па артыкуле 19.11 КАП. Выйшаў на волю 6 мая 2023 года пасля 38 сутак арышту[3].
Асноўныя даследаванні прысвечаны праблемам талеранцыі і спецыфікі яе тэарэтычнай рэпрэзентацыі ў філасофскай і сацыяльна-палітычнай думцы Вялікага княства Літоўскага і Польшчы XVI-XVII стагоддзяў. Вывучае ідэйна-тэарэтычныя і сацыякультурныя фактары, якія абумовілі актуалізацыю праблемы талеранцыі ў філасофскай і сацыяльна-палітычнай думцы ВКЛ і Польшчы XVI—XVII стагоддзяў. Даследуе сутнасць і спецыфічныя рысы канцэптуальных падыходаў пры аналізе праблемы талеранцыі ў межах асноўных накірункаў філасофскай і сацыяльна-палітычнай думкі ВКЛ і Польшчы пазначанага перыяду («хрысціянска-гуманістычны», контррэфармацыйны, пратэстанцкі, праваслаўны). Вывучае спецыфіку ідэй талеранцыі ў філасофскай і сацыяльна-палітычнай думцы радыкальна-рэфармацыйнага руху, прадстаўленых у межах двух канцэптуальных падыходаў, якія адлюстроўваюць розныя ўзроўні разумення паняцця талеранцыі.