Іван Юр’евіч Гальшанскі-Дубро́віцкі (? — 30 жніўня 1481) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, князь гальшанскі і дубровіцкі (1457—1481).
Старэйшы сын князя Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, траюрадны брат польскага караля Казіміра Ягелончыка[3].
Пасля смерці бацькі ў 1457 годзе атрымаў у спадчыну Гальшанскае і Дубровіцкае княствы. Яго малодшы брат Сямён (пам. 1505) атрымаў Сцепаньскае княства (укр.) (бел..
У 1481 годзе Іван Юр’евіч разам са слуцкім князем Міхаілам Алелькавічам і бельскім князем Фёдарам Іванавічам, усе трое родзічы караля Казіміра, арганізаваў змову супраць яго. Паводле адной версіі, змоўнікі збіраліся запрасіць караля ў Кобрын на вяселле князя Фёдара Іванавіча і Ганны Кобрынскай, забіць яго і ўзвесці на велікакняжацкі сталец Міхаіла Алелькавіча. Паводле іншай версіі, забіць караля Казіміра, адарваць ад Вялікага Княства Літоўскага і далучыць да Вялікага Княства Маскоўскага землі на ўсход ад Бярэзіны[3].
Змова была раскрыта ў Кіеве. Загадам караля князі Міхаіл Алелькавіч і Іван Юр’евіч арыштаваны, а бельскі князь Фёдар Іванавіч збег у Маскву, страціўшы ўдзельнае княства. 30 жніўня 1481 года ў Вільні князі-змоўнікі Іван Юр’евіч і Міхаіл Алелькавіч пакараны смерцю[3] праз публічнае абезгалоўліванне.
Пасля смерці Івана Юр’евіча яго малодшыя браты Сямён (пам. 1505) і Аляксандр (пам. 1511) атрымалі ў спадчыну Гальшанскае і Дубровіцкае княствы.
У шлюбе з Ганнай з Чартарыйскіх, дачкой князя Міхаіла Васілевіча Чартарыйскага, меў дзяцей Юрыя (пам. у 1536) і Юліяну-Васілісу. Л. Вайтовіч называе таксама дачок Аўдоццю і Агрыпіну[4].