Нарадзіўся на фальварку Леонтава ў лютэранскай сям’і землеўладальніка з латышскіх сялян.
З 1909 па 1913 навучаўся ў Пскоўскай землямернай вучэльні, адразу пасля заканчэння вучобы пачаў працаваць у Віцебскай губернскай землеўпарадкавальнай камісіі. Калежскі сакратар (19 красавіка 1914). Пасля кароткай службы ў 100-м пяхотным Астроўскім палку — старшы землямер (1917), з сакавіка 1919 землямер-інструктар па Віцебскім павеце, з 1920 — кіраўнік работ у тым жа павеце, з 1922 загадчык землямерна-тэхнічнай часткай Віцебскага губернскага зямельнага ўпраўлення. Адначасова з 1923 землямер-рэвізор у Невельскім павеце, з 1926 раённы землеўпарадчык у Гарадоцкім раёне.
Член Камісіі па ахове помнікаў гісторыі і культуры Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. З 1931 года супрацоўнік Віцебскага краязнаўчага музея.
Памёр у Віцебску пасля цяжкай хваробы.
Навуковая дзейнасць
Займаўся даследаваннямі беларускага народнага мастацтва[1], творчасці віцебскіх мастакоў-гравёраў[2][3][4]. Каб абараніць таленавітых мастакоў ад палітычнай дыскрэдытаціі з боку «змагароў» за «пралетарскае рэвалюцыйнае» мастацтва, якія набывалі моц у сярэдзіне 20-х — пачатку 30-х гадоў, Іван Фурман падкрэсліваў у іх творах краязнаўчыя і этнаграфічныя матывы. Ён піша:
Ксілаграфіі Мініна, Юдовіна, Гарбаўца маюць вялікае значэнне ў жыцці мастацтва нашага краю. Да гэтых гравюр будуць звяртацца не толькі знаўцы мастацтва, але і ўсякі, хто вывучае мясцовы край, і асабліва той, хто вывучае архітэктуру і быт краю, бо ў гравюрах памянёных мастакоў даволі поўна адлюстраваны знешні від горада Віцебска і яго ўнутранае жыццё[5].
↑Віцебшчына: Зборнік артыкулаў. — Віцебск, 1928. — Т. 2.
Літаратура
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5. Скамарохі — Яшчур. — 703 с. — 10 000 экз.