VIII з’езд КП(б)Б

Восьмы з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (XIII канферэнцыя КП(б)Б). Адбыўся ў Мінску 12 — 14 мая 1924 г. Прысутнічала 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 членаў і кандыдатаў у члены партыі.

Парадак дня

Праца з’езда

На з’ездзе заслухана справаздача Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б), якое кіравала ўсімі арганізацыйнымі і палітычнымі мерапрыемствамі па ўзбуйненні БССР — афіцыйна аформленае ў сакавіку 1924 г. далучэнне паветаў Віцебскай, Гомельскай і часткі Смаленскай губерняў з большасцю беларускага насельніцтва (фактычнае вяртанне ўсходніх беларускіх зямель, якія ў 1919 г. па палітычных матывах былі ўключаны ў склад РСФСР). З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі». Звернута ўвага на тое, што пры 70 % беларускага насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР прапарцыянальна вялікая колькасць прадстаўюкоў іншых нацыянальнасцей; беларусаў у ЦВК і СНК БССР было 35,5 %, у складзе калегій наркаматаў — 22 % і толькі ў сельсаветах — 91 %. З’езд паставіў задачы павялічыць пралетарскую праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысловых прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі. Адзначыўшы поспехі ў аднаўленні прамысловасці і сельскай гаспадаркі, спыненне дэкласавання пралетарыяту, рост яго колькасці і паляпшэнне матэрыяльнага становішча, з’езд разам з тым указаў на раскіданасць прамысловых прадпрыемстваў, вельмі старое тэхнічнае абсталяванне большасці з іх, недахоп шляхоў зносін і інш. Вызначыў мерапрыемствы па выцясненні капіталістычных элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70 % сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце партыйных арганізацый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сялянскіх мас; абавязаў партыйныя арганізацыі клапаціцца, каб бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам аказвалася дапамога танным крэдытам, іншымі льготамі, каб узмацніць камітэты сялянскай узаемадапамогі. Падкрэслівалася неабходнасць росту дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю, авалоданне рынкам, выцясненне з гандлю прыватніка. З’езд сфармуляваў задачы па ўзмацненні арганізацыйнай і прапагандысцкай работы партыйных ячэек, паляпшэнні кіраўніцтва камсамолам. Пытанне адукацыі на з’ездзе не разглядалася, але было адзначана, што каля 70 % насельніцтва з’яўляецца непісьменным. Пра нізкі ўзровень адукацыі ў рэспубліцы сведчыў і склад дэлегатаў 1 % з вышэйшай адукацыяй, 18,3 % з сярэдняй, астатнія з пачатковай. Аднак асноўная ўвага была засяроджана на неабходнасці вывучэння ленінізму. Пачалі стварацца цэнтральная і раённыя саўпартшколы, у гарадскіх партыйных арганізацыях — вячэрнія партшколы і школы палітграматы. На з’ездзе гучала думка пра сусветную рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Асобныя дэлегаты ўздымалі праблемныя пытанні, напрыклад супярэчнасць палітыкі НЭПа (В. Ф. Шаранговіч), аднак яны не былі падтрыманы.

Вынікі з’езда

Замест Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбарын ЦК КП(б)Б у складзе 25 членаў і 7 кандыдатаў, ЦКК — 16, Цэнтральная рэвізійная камісія з 5 членаў. На пленуме 15 мая 1924 г. выбрана Бюро ЦК КП(б)Б (члены: Я. А. Адамовіч, А. М. Асаткін-Уладзімірскі, В. У. Дзякаў, П. Д. Мядзведзь, В. П. Трунтаеў, Ш. Ш. Ходаш, А. Р. Чарвякоў) і сакратар ЦК КП(б)Б — А. М. Асаткін-Уладзімірскі.

Літаратура

  • XIII конференция Коммунистической Партии (большевиков) Белоруссии: Стенографический отчет. — Мн., 1924. — 135, [1] с.
  • Коршук, У. А. Восьмы з’езд КП(б)Б / У. К. Коршук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 361—362. — ISBN 5-85700-142-0.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!