Юнацтва — футбольны стадыён у Смаргоні. Максімальная ўмяшчальнасць — 2 625 гледачоў. Хатні стадыён футбольнага клуба «Смаргонь».
Стадыён мае дзве трыбуны, адна з якіх накрыта казырком. Поле — натуральны газон. Памеры поля 105×68 метраў.
Рэканструкцыя трыбун стадыёна была завершана ў 2005 годзе. Паўднёвая трыбуна накрыта пластыкавым казырком. Паўночная трыбуна была поўнасцю перабудавана. У 2005 годзе стадыён «Юнацтва» прайшоў працэс ліцэнзавання УЕФА і атрымаў другую катэгорыю. У 2006 годзе арэна прымала фінал жаночага розыгрышу Кубка Беларусі. 14 жніўня 2012 года тут прайшоў матч Кубка рэгіёнаў УЕФА паміж французскай камандай «Пары іль дэ Франс» і «Саюз Тузлы» з Босніі і Герцагавіны.