Шырма (ад ням.: Schirm «абарона») — элемент інтэр’ера, невялікая партатыўная перагародка, якая аддзяляе частку пакоя, напрыклад для пераапранання. Першыя перагародкі-шырмы з’явіліся ў Кітаі.
Выкарыстоўваюцца ў інтэр’еры спальняў, гардэробных, дзіцячых пакояў, кватэр-студый[1]. Можа выкарыстоўвацца, каб разбіваць прастору пакоя на два не цалкам ізаляваных — напрыклад, аддзяляць кухню ад сталовай або гардэроб у складзе спальні.
У мастацтве Японіі і Кітая шырма таксама была папулярнай паверхняй для малявання.
Шырмы выкарыстоўваюцца таксама ў тэатры лялек, за імі хаваюцца акцёры-лялькаводы.
Звычайна шырма мае складальную канструкцыю і вышыню, прыкладна роўную ці крыху меншую за рост чалавека.
Існуюць і ўтылітарныя шырмы, напрыклад, медыцынскія, неабходныя для аснашчэння медыцынскіх устаноў. Медыцынскія шырмы выпускаюцца з рознай колькасцю секцый: ад адной да трох. Медыцынскія шырмы вырабляюцца з тканіны або з пластыку[2].