Гіганцкі гексагон — атмасферны феномен на планецеСатурн, які не мае строгага навуковага тлумачэння. Уяўляе сабой геаметрычна правільны шасцівугольнік з папярочнікам у 25 тыс. кіламетраў, які знаходзіцца на паўночным полюсе Сатурна. Як відаць, гексагон з'яўляецца даволі незвычайным віхрам. Прамыя сцены віхра сыходзяць углыб атмасферы на адлегласць да 100 кіламетраў. Пры вывучэнні віхра ў інфрачырвоным дыяпазоне назіраюцца светлыя ўчасткі, якія ўяўляюць сабой гіганцкія прарэхі ў воблачнай сістэме, якія распасціраюцца, як мінімум, на 75 кіламетраў углыб атмасферы.
Гісторыя адкрыцця
Упершыню гэта структура была заўважана на шэрагу здымкаў, перададзеных апаратамі Вояджэр-1 і Вояджэр-2. Паколькі аб'ект ні разу не трапіў у кадр цалкам і з-за нізкай якасці здымкаў, сур'ёзнага вывучэння гексагона не было.
Цікавасць да Гіганцкага гексагона паявілася пасля перадачы яго здымкаў апаратам КА Касіні. Той факт, што аб'ект зноў заўважаны пасля місіі Вояджэраў, якая праходзіла больш чвэрці стагоддзя назад, гаворыць пра тое, што Гексагон уяўляе сабой даволі ўстойлівае атмасфернае ўтварэнне.
Палярная зіма і ўдалы вугал агляду (з перспектывай) далі спецыялістам магчымасць разглядзець глыбінную структуру Гексагона.
Мяркуецца, што Гексагон не звязаны з аўраральнай актыўнасцю планеты ці яе радыёвыпраменьваннем, нягледзячы на тое, што структура размешчана ўсярэдзіне аўраральнага авала.
Разам з тым, аб'ект, па даных КА Касіні, верціца сінхронна з вярчэннем глыбінных слаёў атмасферы Сатурна і, магчыма, сінхронна з яе ўнутранымі часткамі. Калі гексагон нерухомы адносна глыбінных слаёў Сатурна (у адрозненне ад назіраемых верхніх слаёў атмасферы ў ніжэйшых шыротах), ён можа паслужыць апорай у вызначэнні сапраўднай скорасці вярчэння Сатурна.
Тлумачэнне феномена
На сённяшні дзень асноўным пунктам гледжання на прыроду феномена з'яўляецца мадэль, паводле якой Гіганцкі гексагон уяўляе сабой нейкую метастабільную хвалю або салітон, якая атачае полюс.
Акрамя таго, вучоныя з Оксфардскага ўніверсітэта змаглі ў лабараторных умовах змадэляваць узнікненне падобнага гексагона[1][2].