Фю́рар[1] (ням.: Führer) — нямецкае слова, якое азначае «правадыр» або «лідар». У Германіі у 1934—1945 гадах афіцыйны тытул главы дзяржавы і Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (1921—1945), а таксама складовая частка званняў і пасад у СС (штурмбанфюрар, групенфюрар і інш.). Як правіла, слова выкарыстоўваецца ў якасці абазначэння Адольфа Гітлера, які афіцыйна насіў гэты тытул.
Тытул «фюрар» быў атрыманы Гітлерам 9 жніўня 1934 года пасля смерці рэйхспрэзідэнта Веймарскай рэспублікі Гіндэнбурга. Паводле закона, новая пасада фюрара і рэйхсканцлера аб'яднала пасады прэзідэнта і канцлера, зрабіўшы Гітлера аднаасобным кіраўніком Германіі[2] [3]. «Прынцып фюрарства» (ням.: Führerprinzip) шырока прапагандаваўся нацысцкай партыяй, адным з самых вядомых лозунгаў якой быў «Адзін народ, адна дзяржава, адзін правадыр» (ням.: Ein Volk, ein Reich, ein Führer).
У наш час слова можа ўжывацца (іранічна) у дачыненні да любога правадыра ахлакратыі.
Слова з'яўляецца складовай часткай шматлікіх слоў. Напрыклад: Lokführer (машыніст), Spielführer (капітан каманды), Führerschein (пасведчанне вадзіцеля) і г.д.
У перакладзе Elberfelder, выдадзеным у 1871 годзе, а таксама ў перакладзе Новага свету (афіцыйным перакладзе, які выдаецца Сведкамі Іеговы) — Евангелля паводле Матфея на нямецкую мову слова «Führer» выкарыстоўваецца ў якасці аднаго з тытулаў Ісуса Хрыста (адпавядае стар.-грэч.: καθηγητὴς, беларускаму «Правадыр» ці «Настаўнік»; Мф. 23:10)[4][5].