Тарханкуцкае ўзвышша (укр.: Тарханкутська височина) — адносна павышаная заходняя частка раўнін Крыма, знаходзіцца на Тарханкуцкім паўвостраве[1]. Вышыня да 179 м.
Геаструктурную аснову ўзвышша складаюць рознаўзроставыя блокі фундамента Скіфскай пліты, перакрытага асадачным чахлом мезазойска-кайназойскіх парод, верхні ярус якіх утвараюць вапнякі. Да асноўных належаць найбольш падняты Наваселіцкі (Еўпатарыйскі) блок у паўднёвай частцы і адасобленае ад яго вузкім грабенам Тарханкуцкае падняцце. У асадачным чахле прасочваецца серыя брахіантыклінальных складак. Значную ролю ў фарміраванні рэльефа адыгралі неаген-антрапагенавыя падняцці тэрыторыі. Рэльеф структурна-дэнудацыйны. Морфастуктурамі, якія адпавядаюць антыкліналям і сінкліналям, з’яўляюцца чатыры ўвалападобныя грады і міжградавыя паніжэнні. Морфаскульптурныя асаблівасці абумоўлены развіццём лагчынна-балкавых, а на ўзбярэжжы — пераважна абразійных форм, а таксама акумулятыўных утварэнняў у бухтах. З сучасных працэсаў пераважаюць абразійныя і зсоўныя.
Тарханкуцкае ўзвышша складаецца пераважна з вапнякоў, перакрытых лёсападобнымі суглінкамі. Паверхня хвалістая, градава-ўзгорыстая. У рэльефе з паўднёвага захаду на паўночны ўсход працягваюцца спадзістыя ўвалы (Бакальскі, Тарханкуцкі, Аленіўскі, Еўпатарыйскі), раздзеленыя карытападобнымі выцягнутымі паніжэннямі. Субшыротная працягласць паласы ўвалаў — 8-45 км. На ўзбярэжжы ўвалы ўтвараюць абрывістыя сценкі (Аленіўскі ўвал — да 60 м, Тарханкуцкі — скалы мыса Прыбойнага). Спадзістыя схілы ўвалаў глыбока рассечаны балкамі і лагчынамі. Гушчыня расчлянення 0,2-0,4 км/км², глыбіня — 40-80 м.
Характэрны стэпавыя мясцовасці — астанцова-водападзельныя, хваліста-прыводападзельныя, лагчынна-балкавыя. Уздоўж узбярэжжа развіваюцца абразійна-тэрасныя, зсоўныя і дэнудацыйна-схілавыя мясцовасці. На поўдні косы і перасыпы абмяжоўваюць азёры-ліманы ад мора, утвараючы акумулятыўныя выраўнаваныя берагі. Расліннасць стэпавая, сустракаюцца хмызнякі. Ворныя землі складаюць каля 50 % плошчы, пашы — 32 %, сады і вінаграднікі — 7 %, лесполасы — 1 %. Да запаведных аб’ектаў мясцовага значэння належаць ландшафтныя заказнікі Джангуль, Данузлаўскі, запаведныя ўрочышчы Вялікі Атлеш, Вялікі Кастэль. Карысныя выкапні: прыродны газ, будаўнічыя матэрыялы.
Зноскі
↑Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым і кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).
Літаратура
Географічна енциклопедія України: [в 3 т.] / редкол.: О. М. Маринич (відповід. ред.) та ін. Т. 3. — К.: Українська енциклопедія ім. М. П. Бажана, 1993. (укр.)
Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!