Свята-Міхайлаўская царква — помнік драўлянага дойлідства ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна
Гісторыя
Пабудаваная ў 1780 годзе ў стылі барока, у 1858 г. капітальна адрамантавана[1]. У пачатку 20 ст. да фасада прыбудавана васьмерыковая шатровая званіца.
Царква дзейнічае. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
Прамавугольны цэнтральны неф асвятляецца невялікімі верхнімі вокнамі і накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарам і трохвугольным франтонам з шалёўкай «ромбам» на галоўным фасадзе. У сярэдзіне вільчыка фігурны гранёны купалок. Бакавыя нефы накрытыя аднасхільнымі дахамі, якія каля алтару пераходзяць у трохвугольныя застрэшкі, а на галоўным фасадзе завершаныя двух'яруснымі чацверыковымі вежачкамі з гранёнымі купалкамі. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі зашклёныя вітражамі.
Інтэр'ер
Унутры нефы падзеленыя чатырма калонкамі з капітэлямі. Цэнтральны неф мае скляпеністае перакрыцце, бакавыя — плоскую столь. Сцены апрацаваныя пілястрамі. Прастора апсіды вылучана высокім трох'ярусным разным іканастасам, створаным у 1830-я гг. Абразы 18 — 19 стст.: «Успенне святой Анны», «Маленне», «Святы Іосіф з дзіцем», «Апостал Пётр», «Святыя Іакім і Анна».
Над уваходам — хоры.
У 1914 г. з паўднёвага захаду да царквы прыбудаваная трох'ярусная чацверыковая званіца з васьмерыковым верхнім ярусам, завершаным шатровым дахам з дэкаратыўнымі шчытамі.
Зноскі
- ↑ НГАБ у г. Гродна, ф.1, воп. 19, спр. 1004, арк. 9 — 29; ф. 8, воп. 1, спр. 1223, арк. 33.
Літаратура
Спасылкі