Радольф Крэйцэр (фр. Rodolphe Kreutzer; 16 лістапада 1766, горад Версаль - 6 студзеня 1831, Жэнева) — французскі скрыпач, кампазітар і дырыжор, прадстаўнік так званай парыжскай скрыпічнай школы.
Немец па паходжанні. Першыя ўрокі музыкі атрымаў у бацькі, затым вучыўся ў Антона Стаміца. З 1802 Крэйцэр займаў пасаду камер-віртуоза пры двары Напалеона I, затым, з 1815, пры Людовіку XVIII. Са дня заснавання Парыжскай кансерваторыі (1795) і да 1826 года Крэйцэр быў прафесарам гэтай установы. Разам з П'ерам Родэ і П'ерам Баё Крэйцэр стварыў класічную методыку выкладання ігры на скрыпцы.
Спадчына Крэйцэра ўключае 19 скрыпічных канцэртаў, 40 опер і іншыя творы, але найбольш вядомым апынуўся зборнік эцюдаў (42 études ou caprices, 1796), да гэтага часу выкарыстоўваецца ў якасці навучальнага дапаможніка.
Крэйцэру прысвечана так званая Крэйцарава саната Бетховена, аднак Крэйцэр яе ніколі не выконваў.