Павільён размяшчаўся ля падножжа гары Манжуік на галоўнай восі выставы, справа ад вялікага фантана і параднай лесвіцы, якая вяла да павільёну Іспаніі. Архітэктар паставіў павільён на цокаль з травертына з двума басейнамі, якія былі абліцаваныя чорным шклом. Дах абапіраўся на асіметрычныя сцены з оніксу, травертыну, зялёнага мармуру і на два шэрагі сталёвых, крыжападобных ў перасеку, храміраваных стоек. Інтэр'ер падзялялі празрыстыя дымчата-шэрыя і бутэлькавага колеру шкляныя перагародкі. Светлую сцяну ўтваралі падсветленыя знутры дзве плоскасці з шкла. Залацісты онікс, чорны дыван і чырвоная заслона сімвалізавалі колеры германскага сцяга. На чорным дыване размяшчалася мэблевая кампазіцыя, якая складалася з абцягнутых белай скурай крэслаў, кушэткі і празрыстага стала.
У павільёне не было ні замкнёных памяшканняў, ні дзвярэй. Цэнтрам усёй кампазіцыі стала высечаная з зялёнага мармуру «Танцорка» скульптара Георга Кольбэ. Па патрабаванні Міса ван дэр Роэ ў павільёне не размяшчалася ніякіх выставачных экспанатаў, а экспанатам з'яўляўся сам павільён.
Пасля закрыцця выставы ў 1930 годзе павільён быў дэмантаваны і адпраўлены ў Германію, дзе бясследна знік. У 1980 годзе ўлады Барселоны прынялі рашэнні аднавіць павільён у яго першапачатковым выглядзе. Работы па аднаўленні павільёна доўжыліся з 1983 па 1986 гады па захаваных фатаграфіях і арыгінальным чарцяжах Міса ван дэр Роэ. У цяперашні час будынак павільёна з'яўляецца музеем.
Літаратура
Dodds, George (2005). Building Desire. New York: Routledge. ISBN0-415-32524-2.
Rubio, Ignasi (1993). Mies Van Der Rohe : Barcelona Pavilion. New York: Watson-Guptill Publications. ISBN84-252-1607-9.