Узяўшы рэванш, Напалеон заснаваў ордэн Жалезнай Кароны Ламбардыі ў трох ступенях: Вялікі Крыж, Камандор і Рыцар.
Жалезнай гэту залатую карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, называлі дзякуючы яе найважнейшай складовай часткі — вузкаму жалезнаму абручу, які паводле падання быў зроблены з цвіка ад крыжа Збавіцеля. Паводле легенды, гэты крыж быў выяўлены імператрыцай Аленай, маці імператара Канстанціна. Жалезная карона захоўвалася ў Ламбардыі ў храме Яна Хрысціцеля ў Монцы, і менавіта ёю каранаваўся Карл Вялікі ў 800 годзе.
Ордэнам узнагароджвалі за заслугі ў ваенны і мірны час. Сярод першых узнагароджаных былі эрцгерцаг, спадчынны прынц Фердынанд і вышэйшыя саноўнікі Ламбардыі. Пасля ссылкі Напалеона Ламбардыя была вернутая Аўстрыі і па рашэнні Венскага кангрэса1815 года ўвайшла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У студзені 1816 года імператар Франц I аднавіў ордэн Жалезнай Кароны. Дваране захоўвалі права на нашэнне ордэна, узнагароджаныя ніжэйшых саслоўяў абавязаны былі насіць замест яго медаль «Pro Virtute Militari». Наноў заснаваны ордэн меў тры ступені і стаў найбольш часта ўручаным ордэнам імперыі. Паводле статуту, колькасць кавалераў ордэна не павінна была перавышаць 100 чалавек: 20 кавалераў I ступені, 30 кавалераў II ступені і 50 — III ступені. Аднак гэта палажэнне было адменена, і да 1856 года колькасць узнагароджаных наблізілася да 2000. У канцы Першай сусветнай вайны ордэн ператварыўся ў падабенства афіцэрскага медалю за адвагу.
Знакі III ступені трэба было вяртаць пасля смерці ўзнагароджанага. Аднак пасля 18 ліпеня1884 года іх было дазволена захоўваць у спадчыннікаў. Знакі вышэйшых ступеняў павінны былі вяртацца заўсёды.
Ордэн меў 3 ступені. Сімвалы ордэна I ступені: ордэнскі ланцуг, знак ордэна, нагрудная зорка і стужка-перавязь.
Сімвалы ордэна — жалезная карона, на якой змешчаны двухгаловы аўстрыйскі арол, у сваю чаргу ўвянчаны каронай. У яго лапах — меч і дзяржава, на грудзі — цёмна-сіні фініфцевай шчыт з вензелем «F», на адваротным баку знака — аналагічны шчыт з датай «1815».
Нагрудная зорка ордэна васьміканцовая, у яе цэнтры круглы залаты медальён з аблямоўкай блакітнай фініфці. У медальёне выява жалезнай кароны, на аблямоўцы дэвіз ордэна: AVITA ET AUCTA («Атрымае ў спадчыну і павялічыць»).
Вышэйшыя ступені ордэна спачатку рабіліся з золата, ніжэйшая — са срэбра. Пазней высакародны метал замянілі пазалочаным срэбрам, а яшчэ пазней — пазалочанай бронзай. Знакі II і III ступені адрозніваюцца меншымі памерамі і асаблівасцямі нашэння.
Ступені
Кавалер III класа
Кавалер II класа
Кавалер I класа
Ілюстрацыі
Знак ордэна. Каралеўства Італія, 1810 год
Знакі 1-й ступені. Аўстра-Венгрыя
Знак 2-й ступені. Аўстрыя, 1-я палова XIX стагоддзя
Знак 2-й ступені з ваенным адрозненнем. Аўстра-Венгрыя, 1915 год
Знак 3-й ступені. Аўстра-Венгрыя, канец XIX стагоддзя