Міхаіл Апанасавіч Дзмі́трыеў[1] (23 верасня 1921 — 10 кастрычніка 2001) — педагог, доктар педагагічных навук (1993), прафесар (1994), заслужаны настаўнік БССР (1964), Герой Сацыялістычнай Працы (1971), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся ў вёсцы Барсукі Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Гомельскай губерні РСФСР (сучасны аграгарадок у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі) у сям’і настаўніка. Скончыў няпоўную сярэднюю школу. Працаваў настаўнікам у Кармянскім раёне. У 1937 годзе паступіў у Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, пасля другога курса якога паступіў у Рагачоўскі настаўніцкі інстытут і скончыў яго ў 1941 годзе. Адначасова з 1940 года працаваў настаўнікам у вёсцы Ліцвінавічы Кармянскага раёна. З 1 ліпеня 1941 залічаны ў Кармянскі знішчальны батальён. У сакавіку 1943 г. залічаны ў склад 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады. У 1943 годзе быў абраны членам, пазней сакратаром Журавіцкага падпольнага райкама ЛКСМБ. З восені 1943 г. М. А. Дзмітрыеў у складзе 1-й Буда-Кашалёўскай партызанскай брыгады. Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў быў накіраваны працаваць настаўнікам у вёску Старыя Журавічы, займаў пасаду дырэктара Журавіцкай сярэдняй школы. У 1946 годзе ўступіў у ВКП(б) Беларусі, працаваў інспектарам аддзела адукацыі выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. З 1949 года — загадчык аддзелам народнай адукацыі Кармянскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, пазней — дырэктар школы № 2 у Карме. У 1950 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт[1]. 3 1961 года на пасадзе дырэктара Кармянскага школы-інтэрната. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1974 г. рэктар Мазырскага педагагічнага інстытута. У 1985—1999 гг. выкладаў у Гомельскім педагагічным інстытуце.
Жыў у Гомелі. Памёр 10 кастрычніка 2001 г. Пахаваны на могілках «Асавец».
Аўтар прац па гісторыі педагогікі і асветы, тэрэтычна-метадычных праблемах адукацыі і навучання, працоўнага выхавання.
Сярод апублікаванага:
З’яўляўся сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі акмеалагічных навук (1995), Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі (1995), членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі (1995).
Лаўрэат Скарынаўскіх чытанняў (1990).
Мемарыяльная дошка на будынку корпуса № 1 Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (вуліца Савецкая, дом 108).