Мог (саманазва: মগ) — тыбета-бірманская этнічная група ў індыйскім штаце Трыпура. У 2011 г. іх колькасць дасягала 37 893 чалавекі.
Лічыцца, што мог — нашчадкі араканцаў, якія перасяліліся ў Трыпуру праз Чытагонг у XV — XVIII стст. падчас існавання Араканскага каралеўства. Аднак сучасныя генетычныя даследаванні тыбета-бірманцаў Трыпуры паказваюць, што яны маюць болей старажытныя карані.
Мог насяляюць раўніны. Асноўны занятак — земляробства, пры гэтым практыкуецца лядная сістэма, калі селянін кожныя некалькі гадоў мяняе надзел, паколькі папярэдні страчвае ўраджайнасць. Мог славяцца сваёй народнай медыцынай, таму ў некаторых выпадках падпрацоўваюць лекарамі.
Традыцыйная кухня ўключае раслінныя, рыбныя і мясныя прадукты.
Аснову народнага строя складае саронг. Мужчыны апранаюць цюрбан. Вопратка жанчын мае шмат упрыгожванняў, у тым ліку з каштоўных металаў.
Мог падзяляюцца на 2 эндагамныя галіны, найбуйнейшая галіна — на 2 экзагамныя фратрыі. Правадыр банарауг абіраецца з ліку найбольш заможных і ўплывовых суграмадзян. Шлюбы заключаюцца па дамоўленасці, служэнню або ў выніку кахання. На чале сям'і стаіць мужчына. Старэйшы сын мае права на палову спадчыны, малодшыя сыны — на астатнюю палову. Дачкі могуць разлічваць толькі на ўспадкоўванне матчыных упрыгожванняў, прычым палову атрымоўвае старэйшая дачка. Нежанатыя хлопцы жывуць у асобнай вясковай хаціне, куды жанчыны наведваюцца толькі ўдзень.
Асноўная рэлігія — будызм, хаця мог таксама шануюць некаторых індуісцкіх багоў і духаў прыроды. Пасля смерці целы нябожчыкаў спальваюць. Народныя святы звязаны пераважна з рэлігійнымі нагодамі. Падчас штогадовага свята ва ўсе мог збіраюцца разам. Святкаванне суправаджаецца песнямі і танцамі.
Спасылкі
- Mog — Tribal Research and Cultural Institute
- THE MOG TRIBE - NE Tribe Архівавана 13 ліпеня 2022.
- Mog Tribe in India
- Different Tribes of Tripura
- Gazi NN, Tamang R, Singh VK, Ferdous A, Pathak AK, Singh M, Anugula S, Veeraiah P, Kadarkaraisamy S, Yadav BK, Reddy AG, Rani DS, Qadri SS, Singh L, Chaubey G, Thangaraj K. Genetic structure of Tibeto-Burman populations of Bangladesh: evaluating the gene flow along the sides of Bay-of-Bengal. PLoS One. 2013 Oct 9;8(10)