Марыінскі палац (укр.: Маріїнський палац) — двухпавярховы палац у Кіеве на высокім правым беразе Дняпра. Знаходзіцца побач з будынкам Вярхоўнай Рады і з’яўляецца цырыманіяльнай рэзідэнцыяй Прэзідэнта Украіны.
Гісторыя
Палац у Царскім садзе быў закладзены па замове імператрыцы Елізаветы Пятроўны ў 1744 годзе. Праект у стылі барока быў распрацаваны яе прыдворным архітэктарам Барталамеа Растрэлі. Пад кіраўніцтвам масквіча Івана Мічурына, а таксама групы іншых архітэктараў палац быў збудаваны да 1752 года.
Заказчыца не паспела наведаць палац. Першай царскай асобай, якая спынілася ў Марыінскім палацы, была Кацярына II, якая наведала Кіеў у 1787 г. Тут яна прымала 14 лютага венесуэльскага палітычнага дзеяча Франсіска Міранду, будучага вызваліцеля ад іспанскай каланіяльнай сістэмы[1].
У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў палац быў рэзідэнцыяй генерал-губернатараў Кіеўскай губерні. У 1889 г. у Царскім садзе пры Марыінскім палацы Д. Морыс ідэнтыфікаваў новы ў батаніцы від какаінавага куста — Erythroxylum novogranatense, так званая калумбійская ці трухільская кока[2].
Пажары
Напачатку XIX стагоддзя Царскі палац згарэў у выніку серыі пажараў. Праз паўстагоддзя, у 1870 годзе, Аляксандр II даручыў архітэктару Карлу Маеўскаму рэканструяваць палац, зыходзячы са старых планаў і карцін. Пасля аднаўлення быў пераназваны ў Марыінскі ў гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны. Па яе жаданні, ля паўднёвага боку палаца быў разбіты вялікі парк. Палац да 1917 г. служыў рэзідэнцыяй для членаў імператарскай сям’і, якія наведвалі Кіеў.
Пасля рэвалюцыі
Падчас Грамадзянскай вайны Марыінскі палац выкарыстоўваўся як ваенны штаб. У кан. 1920-х будынак належаў сельскагаспадарчай школе, пазней стаў музеем. Падчас Вялікай Айчыннай вайны палац моцна пацярпеў і быў адрэстаўраваны ў канцы 1940-х. Яшчэ адна буйная рэстаўрацыя была здзейснена ў 1980-х. У наш час Марыінскі палац знаходзіцца на рэканструкцыі.