Лісты Гедзіміна — адзін з самых старажытных помнікаў пісьменства Вялікага княства Літоўскага.
Захаваліся копіі шасці лістоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна, напісаных па-латыні ў Вільні ў 1323—1324 гг. і адрасаваных папу рымскаму Яну XXII, уладам ганзэйскіх гарадоў Брэмена, Кёльна, Любека, Ростака, Грайфсвальда, Шчэціна і іншых, таксама нямецкім францысканцам і дамініканцам. У лістах Гедзімін заяўляў аб сваім жаданні прыняць хрысціянскую веру. Крыжакі абвінавачваліся ў тым, што яны на самой справе захопнікі і імі рухаюць зусім не клопат аб хрысціянізацыі Літвы. Акрамя таго, у Літву запрашаліся рыцары, лекары, рамеснікі (шаўцы, калеснікі, каменячосы, сярэбранікі, балістарыі, солездабытчыкі, пекары), купцы, земляробы, рыбакі, а таксама святары, прычым паведамлялася, што ўжо выбудаваныя дзве царквы ў Вільні («in civitate nostra regia dicta Vilna») і Навагрудку. Усім гарантавалася бяспека, свабода перамяшчэння, поўнае або на некалькі гадоў вызваленне ад падаткаў і павіннасцяў. Лісты сведчаць аб імкненні літоўскага гаспадара да міжнароднага прызнання і дазваляюць бачыць у дзейнасці Гедзіміна шырокую праграму эканамічнай, культурнай і ваеннай мадэрнізацыі Літвы. У лістах упершыню згадваецца Вільня як сталіца Літвы.
Спалучэнне ў стылістыцы лістоў паганскіх і хрысціянскіх рыс тлумачаць тым, што яны дыктаваліся паганцам князем, а запісваліся хрысціянінам пісцом. Лісты ацэньваюцца не толькі як важная крыніца гісторыі культуры і дакументы палітычнай гісторыі, але і як узоры сярэднявечнай эпісталярнай славеснасці.
Літаратура
- Gedimino laiškai = Послания Гедимина / подготовили В. Г Пашуто и И. В. Шталь. — Вильнюс, 1966.
- Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. — Vilnius, 1996.
Спасылкі