«Леў, Вядзьма́рка і Гардэроб» (англ.: The Lion, the Witch and the Wardrobe) — эпічны фэнтэзійны раман для дзяцей К. С. Льюіса, упершыню апублікаваны ў 1950. Гэтая кніга стала першай з сямі раманаў пад агульнай назвай «Хронікі Нарніі» (1950—1956). Пазней Льюіс напісаў адзін з твораў серыі, які папярэднічаў падзеям «Льва, Вядзьмаркі і Гардэробу», таму першым паводле храналогіі стаў раман «Пляменнік чарадзея».
Большая частка падзей твора адбываюцца ў Нарніі, выдуманай краіне, дзе размаўляюць жывёлы, а светам вось ужо сто гадоў кіруе Белая Вядзьмарка, якая начаравала ў Нарніі вечную зіму. У перадгісторыі падчас Другой сусветнай вайны чацвярых дзяцей эвакуююць углыб Англіі. Яны пасяляюцца ў загарадным доме старога прафесара доме, ратуючыся ад бамбардзіроўкі Лондана. Малодшая з дзяцей, Люсі, падчас гульні ў хованкі знаходзіць праход у чароўную краіну Нарнію праз шафу-гардэроб у закінутым пакоі. У трэцяе яе наведванне ў чароўную краіну выпраўляюцца ўсе чацвёра, пасля чаго падзеі развіваюцца выключна там амаль да самага канца гісторыі. У Нарніі дзеці павінны спраўдзіць старажытнае прароцтва, і яны апынаюцца ў барацьбе за выжыванне і за вызваленне краіны ад чараўніцтва.
Часопіс «Time» уключыў раман у свой спіс лепшых раманаў усіх часоў, куды ўваходзяць англамоўныя творы 1923—2005 гадоў[1]. Кніга перакладзена на 47 моў[2].
У студзені 2018 года адбылася прэм’ера фільма «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» у перакладзе на беларускую мову. Фільм агучаны кампаніяй «Кінаконг» ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы кампаніі velcom[3]. Кніга ў беларускім перакладзе выйшла ў 2018 годзе.