Кілікійскі каталікасат Армянскай апостальскай царквы
Кілікійскі Каталікасат ААЦ (Каталікасат Вялікага Дому Кілікіі) — адміністрацыйна незалежны Каталікасат Армянскай Апостальскай царквы, які прызнае першасць Эчміядзінскага Каталікоса Усіх Армян і Вярхоўнага Патрыярха ААЦ. Рэзідэнцыя Кілікійскага каталікоса пасля генацыду армян у Турцыі, у 1930 годзе была перанесена з Кілікіі ў Антэліяс (Ліван). У веданні Кілікійскага Каталікасата знаходзяцца епархіі ААЦ у Ліване, Сірыі і на Кіпры.
Гісторыя
З узнікненнем 1080 годзе Армянскай дзяржавы ў Кілікіі туды быў пераведзены пасад каталікоса Усіх Армян. З 1147 года рэзідэнцыя армянскага каталікоса была ў Ромкле, а з 1282 года ў Сісе. З падзеннем Армянскага Кілікійскага царства пасад каталікоса Усіх Армян у 1441 годхе з Кілікіі вяртаецца ў Святы Эчміядзін, дзе знаходзіцца і ў наш час. Апошні каталікос Усіх Армян у Кілікіі Грыгар IX (1439-1441) з-за старасці і хваробы не змог пераехаць з Кілікіі ў Эчміядзін, аднак даручыў Нацыянальна-Царкоўнаму сабору, скліканаму ў 1441 годзе ў Вагаршапаце абраць новага каталікоса Армянскай царквы. Быў абраны Кіракос Вірапецы (1441-1443).
Каталікос Грыгар IX працягваў жыць у Сісе, сталіцы Кілікіі, і пасля яго смерці быў створаны каталікасат у рамках меж Кілікіі — каталікасат Вялікага Дому Кілікіі. Паколькі галоўны ў ААЦ эчміядзінскі пасад тэрытарыяльна знаходзіўся пад уладай Персіі, з афармленнем у Асманскай імперыі сістэмы мілетаў, у 1461 годзе ствараецца Канстанцінопальскі патрыярхат ААЦ, кіраўніку якога, як этнарху, адміністрацыйна падначальваюцца ўсе армянскія абшчыны Турцыі. Такім чынам, Кілікійскі і Ахтамарскі каталікосы, быўшы вышэй Канстанцінопальскага армянскага патрыярха духоўнай ступенню, знаходзіліся ў яго адміністрацыйным падначаленні.
Адносіны армянаў Блізкага Усходу з Арменіяй, і, адпаведна, абодвух каталікасатаў ажывіліся ў постсавецкі перыяд. У 1995-1999 гадах кафедру каталікоса ўсіх армян у Эчміядзіне займаў Гарэгін I, былы раней патрыярхам Кілікіі пад імем Гарэгіна II. З 1995 года кілікійскім каталікосам, наступнікам Гарэгіна II (I), з'яўляецца Арам I.