У маі 1657 годзе ў склепе касцёла пахаваны каталіцкі святы Андрэй Баболя; пасля яго мошчы перавезены ў Варшаву[1].
У 1787—1799 гг. касцёл належаў уніятам. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, манастыр з касцёлам у езуітаў адабралі і аддалі базыльянам. У 1800 годзе манастыр асвячоны як праваслаўны Богаяўленскі (сюды перавялі пінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр). Калі Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польшчы (1918—1938), у касцёле Св. Станіслава зноў сталі служыць каталікі.
Рускі пісьменнік М. С. Ляскоў, які праязджаў Пінск, пісаў:
Касцёл езуітаў, ператвораны цяпер у праваслаўны храм, надзвычай прыгожы. Ён пабудаваны яшчэ пры князях Вішнявецкіх. Калі глядзець на Пінск з-за ракі Піны, то гэты храм і дом Скірмута як бы пануюць над драўляным горадам. Усярэдзіне сабора мы не маглі знайсці нічога выдатнага, акрамя дзвюх незабеленых фрэсак, усё астатняе забелена[2].
Пра касцёл у 1939 годзе ёсць цікавы ўспамін пінчука-эмігранта Джуліуса Маргаліна (1900—1971)
… група з 20 памагатых з чырвонымі павязкамі на рукавах (галоўным чынам яўрэі-камуністы) падбеглі да стаячых гармат і танкаў на вуліцы Пілсудскага (Першамайская) і спецыяльна сказалі, што нібы хтосьці забраўся на касцёл і страляе па Чырвонай Арміі і камуністах. Пад’ехаў танк і адна гармата, пачалі паліць па вежы і амбону. Дах, адна вежа і фрэскі былі разбураны. Слядоў, што хтосьці мог быць у будынку, не было выяўлена[3].
У тую пару касцёл усярэдзіне амаль увесь выгарэў, абваліўся дах.
У 1953 годзе пры рэканструкцыі горада і ўстаноўцы на плошчы помніка У. І. Леніну, касцёл падарвалі.
Архітэктура касцёла
Касцёл пабудаваны з цэглы, тыповага для тагачаснага манументальнага дойлідства — памеру 27х12х5 см. Аб’ём касцёл меў 40 тыс. куб. м, вышыня — 28 м, найбольшая шырыня фасада — 25 м. У галоўнай частцы фасада касцёла меліся бакавыя крылы, завершаныя паўкружжамі сцен з аркавымі праёмамі. На фасадзе таксама меліся дзве 11-мятровыя трох’ярусныя вежы. Крыжы знаходзіліся на вышыні 28 метраў.
Як у большасці езуіцкіх касцёлаў, унутраныя драўляныя сцены касцёла св. Станіслава былі ўпрыгожаны мастацкай разьбой, скляпенне — фрэскай «Ісус, які ўваскрашае Лазара». Усярэдзіне касцёла стаялі папарныя калоны. Над бакавымі нефамі на другім і трэцім паверхах размяшчаліся прасторы для хораў[4].
Гісторык беларускай архітэктуры Т. Габрусь мяркуе, што «інтэр’еры касцёла і калегіума, пэўна, упрыгожвалі мастакі-езуіты Якуб Брэтзер (1690—1733) і Ігнат Дарэці (1703—1763). Сцены касцёла былі распісаны фрэскамі на тэмы жыцця Св. Станіслава»[5].
У 1749—1753 гг. архітэктар Ян Тупальт (1707—1769) задумаў буйную перабудову касцёла. Мастацтвазнавец С. Адамовіч піша: «Менавіта тады былі збудаваны каменныя вежы замест драўляных, фасады ўпрыгожаны гіпсавымі скульптурамі, а абапал фасада збудаваны арыгінальныя крылы, якія служылі таксама званіцамі. Па сведчанні сучаснікаў, касцёл уражваў не толькі сваімі памерамі, але і асобай працай лепшых еўрапейскіх майстроў, якія стварылі галерэю пышных фрэсак, упрыгожылі інтэр’ер храма разьбой па дрэве, скульптурнымі кампазіцыямі, вырабамі з бронзы»[6].
Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе, касцёл абнаўляўся пасля пажару і абвалу перакрыццяў — гэта значыць, ён, мабыць, быў цалкам перабудаваны ў трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя ў стылі позняга барока.
У Беларусі існаваў яшчэ адзін касцёл Св. Станіслава (1454—1842) — у Мядзеле.
↑Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша Вера, 1999, № 3. С. 32-36
Літаратура
Блинова Т. Иезуиты в Беларуси: роль иезуитов в организации образования и просвещения. ― Гродно, 2002.
Галенчанка Г. З гісторыі царкоўна-рэлігійных адносін на Піншчыне ў XVI—XVII стст. // Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 900-годдзю Пінска.― Пінск, 1997. С. 12-16.
Ярашэвіч А. Пінскія кляштары // Наша Вера. 1999. № 3. С. 26-31.