«Запой» (дацк.: Druk) — мастацкі фільм 2020 года рэжысёра Томаса Вінтэрберга[6]. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Мадс Мікельсен, Томас Бо Ларсен, Ларс Рантэ, Магнус Міланг, Марыя Боневі, Сусе Вольд.
Фільм быў узнагароджаны 4 «Еўрапейскімі кінапрэміямі», у тым ліку за найлепшы фільм[7], а таксама Оскарам за найлепшы фільм на замежнай мове[8].
Марцін, Томі, Петэр і Нікалай — выкладчыкі ў школе невялікага дацкага гарадка. Усе чацвёра стаміліся ад руціны і змірыліся з тым, што нічога значнага ў іх жыццях ужо не адбудзецца. Аднойчы яны сустракаюцца ў рэстаране, каб адзначыць саракагоддзе Нікалая — самага паспяховага з іх — келіхам добрага шампанскага і лыжкай чорнай ікры з гарэлкай. Юбіляр забаўляе сяброў навуковай тэорыяй нарвежскага вучонага Фіна Скэрдэруда: чалавеку ад нараджэння не хапае крышачку алкаголю ў крыві. Калі штодня папаўняць гэты недахоп парай келіхаў віна, павысіцца і ўзровень шчасця, не кажучы пра эфектыўнасць у працы і сямейным жыцці. Нядоўга думаючы, прыяцелі вырашаюць правесці эксперымент — штодня выпіваць і весці назіранні за сабой. І спачатку ідэя Скэрдэруда бліскуча пацвярджаецца.
Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 49 кінаўзнагародамі і яшчэ 73 намінацыямі[9].