Жэрвінью распачаў кар’еру ў юнацкай камандзе абіджанскага клуба «АСЕК Мімозас», дзе правёў пяць гадоў. Менавіта ў гэтым клубе ад бразільскага трэнера атрымаў мянушку «Жэрвінью». Неўзабаве футбаліст перайшоў у клуб другога івуарыйскага дывізіёна «Тумадзі», дзе некаторы час гуляў разам з братамі Яя, Кало і Ібраімам Турэ.
Праз два гады Куасі перайшоў у бельгійскі чэмпіянат, дзе да 2007 года гуляў у складзе «Беверэна». У сезоне 2007/08 выступаў у французскім чэмпіянаце ў клубе «Ле-Ман» разам са сваім суайчыннікам Рамарыкам. Пасля добрага сезона ў «Ле-Мане» футбалістам зацікавіліся скаўты некалькіх клубаў, як «Манака», «Пары Сен-Жэрмен», «Алімпік» Марсель і «Арсенал». Але ў выніку 21 ліпеня 2009 года Жэрвінью падпісаў трохгадовы кантракт з клубам «Ліль».
18 ліпеня 2011 года перайшоў у лонданскі «Арсенал», падпісаўшы з клубам доўгатэрміновы кантракт[4]. У сваім дэбютным матчы ў Прэм’ер-лізе супраць «Ньюкасл Юнайтэд» ігрок быў выдалены з поля на 76-й хвіліне пасля сваркі з Джоі Бартанам. 19 жніўня 2013 года футбаліст падпісаў кантракт з італьянскім клубам «Рома» тэрмінам да 30 чэрвеня 2017 года[5]. 25 жніўня 2013 года дэбютаваў за «Рому» у матчы 1-га тура чэмпіянату Італіі 2013/14 у гасцях супраць «Ліворна»[6].
У студзені 2016 года перабраўся ў Кітай, папоўніўшы склад дэбютанта мясцовай Суперлігі — клуба «Хэбэй Чайна Форчун»[7]. У жніўні 2018 года разарваў кантракт з кітайскім клубам і вярнуўся ў Еўропу, стаўшы іграком «Пармы»[8]. У чэрвені 2021 года, пасля таго як «Парма» выбыла ў Серыю B, падпісаў двухгадовы кантракт з турэцкім «Трабзанспорам». Значную частку сезона 2021/22 прапусціў з-за траўмы.
У лістападзе 2007 года Жэрвінью быў выкліканы ў галоўную зборную краіны на таварыскія матчы супраць зборных Анголы і Катара, а пазней запрошаны ў склад зборнай на Кубак афрыканскіх нацый 2008. 15 чэрвеня 2010 года Жэрвінью згуляў свой першы матч на чэмпіянаце свету 2010. Ён адгуляў 82 хвіліны супраць зборнай Партугаліі і быў названы найлепшым іграком матча паводле версіі гледачоў ITV1.