Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання прайшлі 18 лютага 2018 года.
На выбарах утворана 18 111 выбарчых акруг, у тым ліку 13 224 сельскіх і 3 768 раённых выбарчых акруг[2].
14 лістапада 2017 года Прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў Загад № 410 пра правядзенне выбараў[3].
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп неабходна было падаць па 14 снежня 2017 года ўключна. Тэрміны вылучэння кандыдатаў — з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года ўключна.
Да 3 студзеня 2018 года рашэннямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацый былі сфарміраваныя участковыя выбарчыя камісіі.
Дэпутатам мясцовага Савета можа быць абраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй у сілу прафесійнай дзейнасці. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў належыць:
За 15 дзён да выбараў участковыя камісіі даюць грамадзянам для азнаямлення спісы выбаршчыкаў. Выбаршчыкі маюць права патрабаваць устаранення няправiльнасцей у спісах, у тым ліку ў судовым парадку.
За пяць дзён да выбараў арганізуецца датэрміновае галасаванне для выбаршчыкаў, якія не змогуць знаходзіцца па месцы свайго жыхарства ў дзень выбараў.
Выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, забяспечваецца галасаванне па месцы знаходжання.
Усяго былі зарэгістраваны 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9 % ад агульнай колькасці вылучаных. Толькі 16 ініцыятыўным групам было адмоўлена ў рэгістрацыі, 7 заяў былі адкліканыя і 1 заява не разглядалася. Варта адзначыць, усе ініцыятыўныя групы па вылучэнні сябраў палітычных партый былі зарэгістраваныя, адмовы ў рэгістрацыі выносіліся толькі ў адносінах да беспартыйных вылучэнцаў.
Пры зборы подпісаў былі зафіксаваны факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Подпісы за кандыдата па Заслонаўскай выбарчай акрузе № 24 г. Орша, дырэктара Аршанскага каледжа філіяла УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта» А. М. Казлову збіралі яе падначаленыя ў працоўны час, а ў навучэнцаў каледжа подпісы збірала загадчыца інтэрната ў самім інтэрнаце. Студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ праз сацыяльныя сеткі арганізоўвалі да ўдзелу ў перадвыбарчых пікетах у якасці членаў ініцыятыўных груп па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты[4].
Усяго кандыдатамі ў дэпутаты былі вылучаны 22 713 кандыдаты. 15 172 кандыдатаў (66,8 % ад агульнай колькасці) вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў, працоўнымі калектывамі — 5 356 (23,6 %), палітычнымі партыямі — 813 (3,6 %). Сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў вылучылі 11 палітычных партый з 15 зарэгістраваных.
З 9 да 18 снежня былі зарэгістраваны 22 278 кандыдатаў, што складае 98,09 % ад колькасці вылучаных.
Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Шушкевіча, Рэспубліканская партыя Белазора, Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Статкевіча ў выбарах 2018 года не ўдзельнічалі.
Яўка склала больш за 77 %, да таго ж 35 % выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Усяго абралі 18 810 дэпутатаў. У адной раённай акрузе па выбарах у Ельскі раённы Савет дэпутатаў Гомельскай вобласці выбары не праводзіліся, таму што адзіны кандыдат выбыў да дня галасавання. Рэгіёнам з самым вялікім конкурсам на дэпутацкі мандат стаў Мінск. У складзе дэпутатаў 48 % — гэта жанчыны, 56 % абраных кандыдатаў ужо раней мелі дэпутацкія партфелі. Трэцяя частка мясцовых прадстаўнікоў улады працуе ў сферы адукацыі, навукі і аховы здароўя, кожны пяты — задзейнічаны ў сельскай гаспадарцы. 4 % ад агульнай колькасці дэпутатаў — моладзь ва ўзросце да 31 года, а 2 % — належаць да пэўнай партыі[5].
Ніводны з кандыдатаў ад апазіцыі не патрапіў у абласныя саветы. Так у Мінскі абласны савет абраныя 60 чалавек, з іх 58 беспартыйных і два члены КПБ[6]
Азнаёміўшыся з заявай прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў адносна праведзеных выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык падкрэсліў, што легітымнасць прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, выбраных у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, вызначаецца не знешнімі ацэнкамі, а выключна воляй народа[7].