Васіль Дзмітрыевіч Паленаў (руск.: Васи́лий Дми́триевич Поле́нов, 1844, Санкт-Пецярбург — 18 ліпеня1927, сядзіба Барок, цяпер Паленава, Тульская вобласць) — рускі жывапісец, сапраўдны член пецярбургскай АМ (1893), народны мастак РСФСР (1926). Сын Дз. В. Паленава.
Вучыўся ў Паўла Чысцякова і ў Пецярбургскай АМ (1863-71). Пенсіянер АМ у Італіі і Францыі (1872-76). Удзельнічаў у серба-чарнагорска-турэцкай (1876) і руска-турэцкай (1877-78) войнах як мастак-карэспандэнт. З 1878 года — перасоўнік. За мяжой выканаў шэраг карцін на тэмы еўрапейскай гісторыі. З 1873 афармляў спектаклі ў доме і пазней у Маскоўскай прыватнай рускай оперы С. І. Мамантава; у 1910-18 гадах вёў у Маскве асветніцкую дзейнасць па арганізацыі народнага тэатра. У 1882-95 гадах выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Вучні Паленава: І. І. Левітан, К. А. Каровін, І. С. Астравухаў, А. Я. Архіпаў, А. Я. Галавін і інш. У 1905 годзе Паленаў разам з В. А. Сяровым накіраваў у Савет АМ пратэст супраць расстрэлу рабочых 9 студзеня. У сядзібе Барок (з 1931 — Паленава, Тульская вобласць) Паленаў стварыў мастацкі музей (ў 1939 годзе перададзены сваякамі Паленава ў дар дзяржаве).