Блюз (англ.: blues ад blue devils — меланхолія, сум) — першапачаткова — сольная лірычная песня амерыканскіх неграў, пасля — кірунак у музыцы.
Блюз з'явіўся ў другой палове 19 ст. ў ЗША. У пачатку 20 ст. сфарміраваўся так званы класічны, або гарадскі блюз, у аснове формы якога ляжаў 12-тактавы перыяд з агульнай схемай гарманічных паслядоўнасцей: першая 4-тактавая фраза — T, другая — S, трэцяя — D і T. Такі перыяд адпавядае трохрадковай вершаванай страфе. Блюз атрымаў шырокае развіццё ў 1960-я гады 20 ст.
Першапачаткова блюз уяўляў сабой выключна «чорную» музыку, якая выконвалася неграмі для неграў. Ён выконваўся ў суправаджэнні банджа, гітары, пазней — фартэпіяна або інструментальнага ансамбля. Пасля блюз аб'яднаўся з народнай музыкай белых пасяленцаў (стыль «кантры», які, у сваю чаргу, сыходзіць каранямі ў кельцкую музыку) і іншымі стылямі, і сам падзяліўся на некалькі выразна аформленых галін.
Для мелодыкі блюза характэрна апытальна-зваротная структура і выкарыстанне блюзавага ладу. У лірычных тэкстах мноства блюзаў знайшла адлюстраванне тэма сацыяльнага і расавага прыгнёту.
Станаўленню блюза як кірунка спрыяла творчасць «чорнага» кампазітара Уільяма Хэндзі («Мемфіс-блюз», 1912; «Сент-Луіс-блюз», 1914). Выканаўцамі класічных блюзаў былі Ма Рэйні, Ч. Хілл, Б. Сміт і іншыя.
Блюз аказаў велізарны ўплыў на фарміраванне джаза і поп-музыкі. Элементы блюза выкарыстоўвалі кампазітары 20 ст.
Асноўныя прадстаўнікі
Госпел блюз
Класічны кантры-блюз
Блюз Дэльты Місісіпі