Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт — вышэйшая навучальная ўстанова ў г. Баранавічы.
Гісторыя
Заснаваны ў 1982 годзе як Баранавіцкае педагагічнае вучылішча, якое ў 1994 пераўтворана ў Баранавіцкі педагагічны каледж, а ў 1997 годзе атрымаў статус ВНУ і атрымаў назву Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж. З дня заснавання педагагічны каледж узначальваў П. П. Шоцкі[1].
У 2003/04 навучальным годзе меліся факультэты: пачатковай адукацыі; замежных моў, тэхналогіі і дашкольнай адукацыі. На базе агульнай сярэдняй адукацыі рыхтавала педагагічных работнікаў па спецыяльнасцях: замежная мова (англійская), беларуская мова і літаратура; замежная мова (англійская), тэхналогія (абслуговая праца); замежная мова (нямецкая), беларуская мова і літаратура; тэхналогія (абслуговая праца); сацыяльная педагогіка; практычная псіхалогія і тэхналогія (абслуговая праца); дашкольная адукацыя і замежная мова (англійская); дашкольная адукацыя, практычная псіхалогія; англійская мова, нямецкая мова[1].
На базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі вялася падрыхтоўка па спецыяльнасцях: пачатковая адукацыя і сацыяльная педагогіка; тэхналогія (абслуговая праца) і сацыяльная педагогіка, 7 прадметных кафедраў, больш за 200 выкладчыкаў, у т.л. 10 дактароў і 25 кандыдатаў навук, навукова-даследчы лабараторыя па праблеме папераджальнай адаптацыі студэнтаў да педагагічнай дзейнасці, прадметныя кабінеты і лабараторыі, бібліятэка, спадарожнікавае тэлебачанне. Навучаецца каля 2 тыс. студэнтаў[1].
Праводзіліся комплексныя навуковыя даследаванні па праблемах педагогікі, псіхалогіі, методыкі выкладання асобных дысцыплін, філалогіі, лінгвістыкі, філасофіі, біялогіі, тэхналогіі машыннай апрацоўкі і перапрацоўкі матэрыялаў. Выпускаліся навукова-метадычныя зборнікі «Актуальныя праблемы прафарыентацыі і прафадаптацыі», «Актуальныя праблемы германістыкі і прафесійна-педагагічнай іншамоўнай адукацыі»[1].
Выдадзены працы «Фарміраванне прафесіяналізму ў навучэнцаў педагагічнага каледжа» П. П. Шоцкага (1999), «Фаріміраванне прафесіяналізму настаўніка: праблемы, пошукі вырашэння на мяжы стагоддзяў» (ч. 1—2, 2000), «Папераджальная адаптацыя студэнтаў да педагагічнай дзейнасці (крызісы, спосабы папярэджвання і змякчэння» Л. Ф. Мірзаянавай (2003) і інш[1].
Універсітэт створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі № 293 ад 23 чэрвеня 2004 года «Аб стварэнні ўстановы адукацыі „Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт“».
У 2006 годзе да ўніверсітэта далучана ў якасці адасобленага структурнага падраздзялення ўстанова «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» і была створана жаночая валейбольная каманда «Атлант-БарДУ».