Бабруйскае староства
Бабруйскае староства (польск.: Starostwo Babrujskie) — адміністрацыйная адзінка ў складзе Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага правінцыі Рэчы Паспалітай. Цэнтрам Бабруйскага староства было мястэчка Бабруйск.
Гісторыя
Бабруйска быў цэнтрам воласці або намесніцтва, а пазней староства або дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім[1]. Бабруйскае староства займала большасць тэрыторыі сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх часткі Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў. Калісьці, імаверна, уваходзіла з Свіслацкае княства. З XV ст. воласцю кіравалі намеснікі вялікіх князёў літоўскіх. На працягу XV—XVI ст. асобныя сёлы са складу воласці надаваліся вялікімі князямі баярам і князям. У XVII—XVIII ст. намеснікі («дзяржаўцы») зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. Калі староства давалася вялікім князем у заставу (дзяржанне, да выбару пазыкі і росту з падаткаў), яго трымальнік адначасова тытулаваўся «дзяржаўцам», а само староства называлася «дзяржавай». У 2-й палове XVI — 1-й палове XVIII ст. урад бабруйскага старосты-дзяржаўцы трымалі Трызны, потым іншыя, у тым ліку Радзівілы.
- У 1387—1394 — Бабруйскую воласць сярод іншага трымаў Скіргайла Альгердавіч.
- У 1471 — князь Міхаіл Алелькавіч атрымаў прывілей на Бабруйскае староства.
- У 1502—1503 — напад крымскіх татараў на староства.
- У 1560 годзе праведзена адміністрацыйная рэформа (гл. валочная памера), замест старажытных адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены «службы».
- 4 сакавіку 1565 года Жыгімонт Аўгуст выдаў Бабруйскаму староству грамату са змяненнямі ў парадку падаткаабкладання.
- У 1565 г. — тэрыторыя Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства.
- У 1566 г. — заснавана Бабруйскае староства з цэнтрам у Бабруйску. Староства ўваходзіць у склад Рэчыцкага павета. Гэта староства складалася тады з двух частак — Бабруйск з 18 вёскамі. Дадзены граматы бабруйскага старосты Яна Баяноўскага аб правах мяшчан карыстацца лясамі і выганамі для жывёлы (мяшчанам дазвалялася рубка лесу, карыстацца пашамі, касілі і да т.п.).
- У 1576 г. — падаравана адмысловая каралеўская грамата «прывілей» на Бабруйскае староства, права спаганяць мытныя пошліны і іншыя правамоцтвы.
- 8 студзені 1591 г. — складзена грамата з дазволам для Бабруйскага староства вырабляць розныя напоі для ўласных патрэб і на продаж (за подпісам менскага старосты Дзмітрыя Скуміна Тышкевіча).
- У 1599 г. — Бабруйскае староства адпісваецца каралём Уладзіславам Вазам жонцы Рэнаце.
- У 1603 г. — напад крымскіх татараў на староства.
- У 1611—1614 — спрэчка мяшчан з езуітамі пра выган, якая пацвярджае права мяшчан, камісія разбірала канфлікт мяшчан са старостай.
- У 1611-1613 — у старостве адбываліся хваляванні выкліканыя паборамі П. Трызны.
- З 1639 года староства ва ўладанні каралевы Цэцыліі Рэнаты, жонка караля Уладзіслава Вазы. Каралева сярод іншага заснавала ў старостве Каралеўскую Слабаду. У 1639 годзе ў старостве было 475 аселых валок з каля 1000 сялянскіх двароў. У Бабруйску было 409 мяшчанскіх двароў, а на прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў.
- У 1648—1649 гадах уварванне казакоў пад камандаваннем Паддубіцкага падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага. Урэшце казакі выбіты з Бабруйска гетманам Янушам Радзівілам.
- У 1655 годзе зноў занята казакамі пад камандаванне наказнога гетмана Івана Залатарэнкі.
- У 1681 г. — пасля войнаў з Масковіяй і разбурэнняў у старостве вярнулася місія езуітаў. Якія адкрылі зноў школу, а ў 1686 г. адкрылі медыцынскую клініку для насельніцтва. І ў 1738 г. яны адкрылі ў Бабруйску аптэку.
- У 1708 г. — староства пацярпела падчас Паўночнай вайны.
- У сярэдзіне XVII ст. — пачатак XVIII ст. — войны прывялі да разбурэння і заняпаду Бабруйска.
- Да 1788 г. — староства прыносіла даход у казну 6342 кварты злотых.
- У 1793 г. — пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай далучаныя тэрыторыі Бабруйскага староства да Расіі. У 1794 г. у час паўстання палкоўнік Стэфан Грабоўскі часова вызваліў сталіцу староства ад расійскіх войскаў.
- У 1795 г. — праведзена перапіс насельніцтва. Бабруйскае староства вызначана на продаж па частках, і ліквідавана. І зямлі староства ўвайшлі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні[2].
Адміністрацыйнае дзяленне
- У Бабруйскіма староства было 70 вёсак.
- Парыцкі маёнтак з вёскамі Парычы, Кнышэвічы, Сякерычы, Чэрнін, Лагвінавічы, Паганцы, Здудзічы, Чырковічы, Шацілавічы належалі Петранэлі Трызнянцы Пацавай, жонцы Самюэля Паца.
- Брожскі двор з шэрагам сёл і галоўнай сядзібай у Брожы.
- Ольсаўскі двор, Ольса, да 1622 г. належаў пану Мікалаю Заршенскаму, а пасля яго смерці ўказам земскага падскарбія Кшыштафа Нарушэвіча маёнтак Ольса перайшоў Пятру Трызне і яго жонцы за пэўную суму. Ганна мела права толькі на вёскі Ольса, Бёрда, Ілейчыцы, Валосавічы, Полькавічы. Самому Пятру Трызне ў Віленскай палове староства належалі вёскі Дземідкавічы і Кольчыцы,
- Троцкая палова — двор яснапольскі з вёскамі Мышкавічы, Цэйкавічы, Хамічы, Глыбокавічы, Паўлавічы, Дваранінавічы, Міхалева, Плёсы (адны і другія), Кавалева (Кавалі), Аўсімавічы, Варатынь, Вітлін, Качэрычы.
- Частка зямельных уладанняў належала калегіі Ордэна езуітаў.
Намеснікі і старосты
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ str. 265 (Bobrujsk), Tom I, «SLOWNIK GEOGRAFICZNY» KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH, WARSZAWA, 1880—1914; (польск.)
- ↑ Именной указ, данный Сенату. — О составлении Минского наместничества из тринадцати округов. //Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792—1796)/ Издание Виленской комиссии для разбора древних актов. — Вильна:типография «Русский Почин», 1903. — с.42 (руск.)
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае», Ермаловіч М., изд. «Беллітфонд», Мінск, 2003 г. ISBN 985-6576-08-3
- Лев Гунин, Бобруйск: историческая монография (окончена в 1985 году). История Беларуси, Литвы, Польши, России, Украины и евреев на примере одного города.
- Вячаслаў Насевіч. У складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Архівавана 1 красавіка 2009. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кіраўскага р-на. — Мн., 1997. С. 19—26
- Акты Виленской археографической комиссии. Вильна, 1898. Т.25. С. 114—130. (руск.)
- Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і экономічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы ХІХ стал.: (Фармаваньне капіталізму). Мн., 1931.
- «SLOWNIK GEOGRAFICZNY KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH», WARSZAWA, 1880—1914; (польск.)
- «Волочная помера в Бобруйском старостве», К. И. Гемрецкого, «Наш Край», № 12, 1926 г. (руск.)
Спасылкі
|
|