Аэрастат (спрошчана і не цалкам дакладна — паветраны шар; ад грэчаскага аэр — паветра, стата — стаячы) — лятальны апарат лягчэйшы за паветра, які выкарыстоўвае для палётупад’ёмную сілу змешчанага ў абалонцы газу (або нагрэтага паветра) са шчыльнасцю меншай, чым шчыльнасць навакольнага паветра (згодна з законам Архімеда)[2].
Тыпы
Адрозніваюць прывязныя, вольналятаючыя і аэрастаты з рухавіком — дырыжаблі.
Па тыпу напаўнення аэрастаты дзеляцца на:
газавыя — шарльеры,
цеплавыя — мангальф’еры,
камбінаваныя (газавыя і цеплавыя адначасова) — раз’еры.
Для напаўнення шарльераў ужываюцца вадарод і (радзей) асвятляльны газ, але гэтыя газы гаручыя, а іх сумесі з паветрам выбуханебяспечныя, што патрабуе дадатковых мер засцярогі. Гэтага недахопу пазбаўлены інэртны гелій, які таксама выкарыстоўваецца ў шарльерах, аднак гелій досыць дарагі, што перашкаджае яго паўсюднаму ўжыванню ў паветраплаванні.
Мангальф’еры напаўняюць нагрэтым паветрам.
Выкарыстанне
Аэрастаты ўпершыню дазволілі чалавеку падняцца ў паветра, а пазней і дасягнуць стратасферы.
У Расіі адным з арганізатараў палётаў на аэрастатах для навуковых даследаванняў атмасферы быў А. М. Каванько.
Адна з асноўных сфер выкарыстання — ўздым на неабходную вышыню сістэм відэаназірання, сувязі, атрымання метэададзеных.
Падчас Другой сусветнай вайны аэрастаты шырока ўжываліся для абароны гарадоў, прамысловых раёнаў, вайскова-марскіх баз і іншых аб’ектаў ад нападу з паветра. Дзеянне аэрастатаў загароды было разлічана на пашкоджанне самалётаў пры сутыкненні з трасамі, абалонкамі або падвешваемымі на трасах зарадамі выбуховага рэчыва. Наяўнасць у сістэме СПА аэрастатаў загароды прымушала самалёты суперніка лятаць на вялікіх вышынях і ўскладняла прыцэльнае бамбакіданне з пікіравання.
Акрамя выкарыстання ў сістэме СПА прывязныя аэрастаты ўжываюцца для назірання за полем бою, карэктавання артылерыйскага агню і выведкі.
Два аэрастаты ляталі ў атмасферы Венеры. У чэрвені 1985 года з савецкіх аўтаматычных міжпланетных станцый «Вега-1» і «Вега-2», якія праляталі ў ваколіцах планеты, было «скінута» па пасадачнаму модулю і па атмасфернаму зонду. Аэрастатныя зонды знізіліся на парашутах і пасля напаўнення іх абалонак геліем пачалі дрэйф у атмасферы планеты на вышыні 53-55 км, праводзячы вымярэнні метэаралагічных параметраў. Працягласць працы абодвух зондаў склала больш за 46 гадзін.
У канцы 1920-х нямецкі фізік Плаўсан з поспехам выкарыстоўваў прывязныя аэрастаты ў якасці прымальнікаў атмасфернай электрычнасці. З адзіночнага аэрастата ў яснае надвор’е ўдавалася зняць да 3,5 кілават электрычнай магутнасці пры напрузе каля 120 кілавольт. Пазней з гэтым эфектам сутыкнуліся пры выкарыстанні трасоў аэрастатаў загароды ў якасці антэн далёкай радыёсувязі. Гэтая тэхналогія можа прымяняцца для аўтаномнага энергазабеспячэння. Выхад энергіі можа быць павышаны з дапамогай дугавога разрадніка, падвешанага на тросе пад аэрастатам для іанізацыі атмасферы.
Рэкорды
27 мая 1931 года Агюст Пікар і Паўль Кіпфер першымі здолелі дасягнуць стратасферы на паветраным шары.
31 жніўня 1933 года Аляксандр Даля, знаходзячыся на борце адкрытага паветранага шара, зрабіў першы здымак, на якім бачная закругленасць Зямлі.
У 1934 годзе 30 студзеня рэкорд вышыні ў 22 000 м (72178 футаў) быў узяты на савецкім стратасферным аэрастаце «Осоавиахим-1». Дадзены рэкорд быў азмрочаны сумнай падзеяй. Падчас спуску загінулі аэранаўты П. Ф. Федасеенка, А. Б. Васенка і І. Д. Усыскін [3].
11 лістапада 1935 года геліевы аэрастат Explorer II, пілатуемы афіцэрамі Авіяцыйнага корпуса Сухапутных войскаў ЗША (капітанам Оўрылам А. Андэрсанам, маёрам Уільямам Кепнэрам і капітанам Альбертам У. Стывенсам), дасягнуў новай рэкорднай вышыні ў 22066 м (72395 футаў).
Бягучы рэкорд устанавіў 24 кастрычніка 2014 года Алан Юстас, падняўшыся над амерыканскім штатам Нью-Мексіка на вышыню каля 41.421 метра ў скафандры, прымацаваным да паветранага шару.
Рэкорд вышыні для шматмеснага пілатуемага аэрастата быў устаноўлены 4 мая 1961 года: Малькольм Рос і Віктар Пратэр на шары Stratolab V стартавалі з палубы карабля USS Antietam у Мексіканскім заліве і падняліся на вышыню 34.668 м (113739 футаў).
1 сакавіка 1999 года Бертран Пікар і Браян Джонс адправіліся на аэрастаце Breitling Orbiter 3 з швейцарскай вёскі Шато-д’О (Château d’Oex) у першы беспасадачны кругасветны палёт. Яны прызямліліся ў Егіпце пасля 40.814 кіламетраў палёту праз 19 дзён, 21 гадзіну і 55 хвілін (сярэдняя хуткасць 85,4 км/г).
Рэкорд вышыні для беспілотнага шара складае 53,0 км (173882 футаў). Шар быў запушчаны JAXA 25 мая 2002 года з прэфектуры Іватэ, Японія. Гэта самая вялікая вышыня, калі-небудзь дасягнутая паветраплавальных апаратам. Толькі ракеты, ракетныя самалёты і артылерыйскія снарады могуць лятаць вышэй.
Зноскі
↑Малюнак з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона, 1890—1907 г.
↑Авиация: Энциклопедия / Гл. ред. Г. П. Свищёв. — М.: БРЭ, 1994. — С. 90-91. — 736 с.