Ато́лава, Атало́ва, О́талава — возера ў Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 16 км на ўсход ад Ушачаў, каля вёскі Загор'е. Належыць да групы Ушацкіх азёр.
Возера знаходзіцца ў басейне ракі Тураўлянка. Плошча Атолава складае 8,2 км². Найбольшая глыбіня возера — 16,4 м. Даўжыня возера — 9,4 км, найбольшая шырыня — 2,2 км. Даўжыня берагавой лініі — 38,8 км. Аб'ём вады ў возеры складае 27,9 млн м³, плошча вадазбору возера — 325 км².
Катлавіна возера, выцягнутая з усходу на захад, мае некалькі плёсаў. Схілы пераважна высокія і стромкія, месцамі тэрасаваныя, вышынёй да 30 метраў. На паўднёвым усходзе схілы нізкія, забалочаныя. Берагі возера высокія. У паўночнай і паўночна-заходняй частцы берагі зліваюцца з схіламі. Берагавая лінія звілістая. Таксама на поўначы і паўночным захадзе размяшчаецца озавая града, вышыня якой складае 30—35 м.
Дно возера мае ўпадзіны і мелі. Уздоўж берагоў дно пясчанае, у паўночна-заходнім плёсе — камяністае і пясчана-галечнікавае, на глыбінях — сапрапелістае.
Атолава мае 7 астравоў, агульная плошча якіх складае 0,3 км² (плошча найбольшага з іх складае 16 гектараў). У паўночна-заходнім і паўднёвым плёсах расліннасць утварае паласу шырынёй да 200 м.
Возера эўтрофнае. Злучанае пратокамі з азёрамі Ліпна, Пазушна, Чорная У́рада[1] і Турасы. Праз возера працякае рака Дзіва. На беразе возера вёскі Загор'е, Косаўшчына (гідралагічны пост), Зарэчча, Кугоні, Пілатоўшчына, Губінка і інш.
Гідралагічны рэжым вывучаецца з 1933 года. У 1971 г. даследавана лабараторыяй возеразнаўства БДУ.