Апустыньванне — страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43 % усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7 %. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе з хуткасцю 7-24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19 % сушы.
Шэраг навукова абгрунтаваных і маштабных мер па барацьбе з апустыньваннем ажыццявілі з 2012 года ў Кітаі, дзякуючы чаму былі эфектыўна адноўлены 53 % схільных да апустыньвання зямель. Адбыўся гістарычны пераход ад сітуацыі, калі «пясок прымушаў адыходзіць людзей», да сітуацыі, калі «дрэвы прымушаюць адыходзіць пясок». У рамках рэалізацыі праграмы па стварэнні полеахоўных лесапалос у Паўночна-Заходнім, Паўночна-Усходнім і Паўночным Кітаі, вядомай як праграма «Тры поўначы», было высаджана 32 млн га лесу і адноўлена 85,33 млн га дэградаванай пашы. Лясное покрыва павялічылася з 5,05% у 1978 годзе да 13,84%, доля моцнай і вельмі моцнай ступені апустыньвання знізілася з 74,1% у 2004 годзе да 62,3% у 2019 годзе. Значна зменшыліся негатыўныя наступствы ад пясчаных бур і знізілася колькасць вясновых пясчаных бур у паўночных рэгіёнах краіны[1].