Іосіф Іпалітавіч Жылінскі |
Дата нараджэння |
20 красавіка 1834(1834-04-20) |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці |
1916 |
Род дзейнасці |
навуковец |
Альма-матар |
|
Узнагароды |
|
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Жылінскі.
Іосіф Іпалітавіч Жылі́нскі[1] (1834 — 1916) — геадэзіст.
Біяграфія
У 1840-я гады яго бацька, Гіпаліт Жылінскі (1800—1882), набыў на Ашмяншчыне маёнтак Дакурнішкі.
Нарадзіўся ў Троках, што тады ўваходзілі ў склад Віленскай губерніі. Скончыў Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін (1854). Праслухаў тэарэтычны курс па геадэзіі на геадэзічным аддзяленні Мікалаеўскай акадэміі Генштаба і прайшоў практыку ў Пулкаўскай абсерваторыі.
Навуковая дзейнасць
У 1863—1873 гг. кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52 градусы паўночнай шыраты (на Беларусі гэта прыблізна па лініі Брэст — Пінск — Мазыр — Гомель). У 1881—1893 гг. кіраваў трыянгуляцыяй заходняй тэрыторыі Расійскай імперыі.
У 1873—1898 гг. узначальваў Заходнюю экспедыцыю па асушэнні балот Палесся. Пазней, маючы за плячыма палескі вопыт, Жылінскі паспяхова кіраваў меліярацыяй забалочаных земляў Маскоўскай, Разанскай, Уладзімірскай губерняў Расіі.
Удзельнічаў у астранома-геадэзічных работах за мяжою.
Заходняя экспедыцыя
У траўні 1872 года была створана камісія «для даследавання стану сельскай гаспадаркі», якая прыйшла да высновы, што «асушэнне балотаў вельмі патрэбнае ў Пецярбургскай, Наўгародскай, Цвярской, Яраслаўскай, Мiнскай i Валынскай губернях». У 1873 годзе Жылінскі ўзначальвае Заходнюю экспедыцыю на Палессі, якая павінна была ахапіць тэрыторыю плошчай каля 9 млн гектараў. Ён меў намер, "скачаваўшы прычыны, якія выклікаюць ўзнікненне балот, дасягнуць больш раўнамернага размеркавання вільгаці і такім чынам вызваліць забалочаныя абшары ад лішкаў вады".
Гэты праект не меў аналагаў у свеце. Работы па асушэнню Палесся пачаліся ў 1874 і працягваліся каля 20 гадоў. Больш за 2,5 млн. дзесяцін (2,73 млн.га.) балот было ператворана ў культурныя зямлі, было пабудавана 4367 вёрст каналаў, 549 мастоў, 30 шлюзаў. На ўсё гэта сышло больш за 2,8 млн рублёў.[2]
У 1883 годзе Жылінскім былі закладзеныя вопытныя пасевы на нізінным балоце ва ўрочышчы Васілевіцкая павета, дзе выпрабоўваўся метад вырошчвання змяшанай культуры з выкарыстаннем навезенага мінеральнага грунту. Адначасова праводзіліся даследаванні па вырошчванню на меліяраваных землях азімых і яравых культур, кармавых траў і гародніны, "каб на справе паказаць палескаму селяніну спосабы і прыёмы распрацоўкі балот пад ворыва і агароды, добрым прыкладам выклікаць у яго ахвоту да пераймання". У выніку працы Заходняй экспедыцыі на меліяраваных землях аздаравіўся клімат, страцілі эпідэмічны характар хваробы, практычна знікла гідкая хвароба каўтун. У 1903 годзе генерал І. І. Жылінскі пісаў: «Зробленыя да гэтага часу каналізацыйныя работы на Палессі можна лічыць дастатковымі пры цяперашніх эканамічных умовах, па меры ж змены гэтых умоў, па меры павелічэння насельніцтва і культуры краіны, будзе з'яўляцца непазбежнай неабходнасць пашырэння сеткі каналаў. Нельга разглядаць працу цалкам завершанай — пачатак для такога роду працы ў будучыні толькі пакладзены».
Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Творы
- Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873—1898). — СПб., 1899.
Зноскі
Літаратура
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 298. — 522 с. — 10 000 экз.
- Жылі́нскі Іосіф Іпалітавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 312. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Список членов Минского общества сельского хозяйства . ... на 1 декабря 1914 года. — Типография Я. А. Гринблата, [1914?]. — 40 с.
Спасылкі