Выхаванец «Віцебска», пачаў кар’еру ў фарм-клубе «Віцебск-2», найлепшым бамбардзірам якога стаў у сезоне 2012. Па заканчэнні сезона 2012 разам з таварышам па камандзе Мікалаем Золатавым перайшоў у салігорскі «Шахцёр». У сезоне 2013 выступаў за дубль гарнякоў, якому дапамог атрымаць перамогу ў першынстве дубліруючых складаў, а сам з 18 галамі стаў найлепшым бамбардзірам.
Да сезона 2014 рыхтаваўся ўжо з асноўным складам «Шахцёра», але ў красавіку 2014 года для атрымання практыкі быў аддадзены ў арэнду мікашэвіцкаму «Граніту» да канца сезона[3]. Здолеў замацавацца ў аснове «Граніта», дапамог гэтаму клубу вярнуцца ў Вышэйшую лігу.
У снежні 2014 года вярнуўся з арэнды ў «Шахцёр»[4]. Некаторы час рыхтаваўся да сезона разам з гарнякамі, а ў лютым 2015 года разам з Мікалаем Золатавым быў аддадзены ў арэнду «Віцебску» да канца сезона[5].
У віцебскім клубе адразу замацаваўся ў якасці іграка асноўнага складу. Ужо ў першым сваім матчы за «Віцебск», 22 сакавіка 2015 года супраць мінскага «Дынама» ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі, адзначыўся голам (выніковы лік 2:1 на карысць «Віцебска»). 11 красавіка 2015 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе ў матчы супраць мікашэвіцкага «Граніта», дзе на 34-й хвіліне ўсталяваў канчатковы лік (1:1). У жніўні адсутнічаў з-за траўмы, пазней вярнуўся ў асноўны склад.
Па заканчэнні сезона 2015 вярнуўся ў «Шахцёр», разам з якім пачаў падрыхтоўку да сезона 2016. Аднак, у лютым прыбыў на прагляд у наваполацкі «Нафтан» і ў сакавіку стаў іграком гэтага клуба[6]. Пачатак сезона 2016 прапусціў з-за траўмы, у маі вярнуўся на поле і стаў іграком асновы навапалачан. У студзені 2017 года вярнуўся ў Салігорск[7].
У лютым 2017 года, канчаткова пакінуўшы «Шахцёр», падпісаў кантракт з мінскім «Тарпеда»[8]. У снежні 2017 года па пагадненні бакоў пакінуў сталічны клуб[9].
У лютым 2018 года далучыўся да «Оршы», а ў жніўні 2018 года перайшоў у мазырскую «Славію»[10]. Да канца сезона 2018, у якім «Славія» атрымала перамогу ў Першай лізе, згуляў за каманду ў трох матчах, пасля чаго пакінуў клуб.
У ліпені 2019 года зноў стаў іграком да «Оршы», гуляў там да канца сезона. У красавіку 2020 года далучыўся да мар’інагорскай «Вікторыі», а ў жніўні таго ж года перайшоў у пінскую «Хвалю»[11], дзе чаргаваў выхады ў стартавым складзе і не замену. У студзені 2021 года пачынаў трэніравацца з «Хваляй», але неўзабаве па пагадненні бакоў пакінуў клуб[12].
У лютым 2021 года стаў іграком «Слоніма-2017»[13], дзе замацаваўся ў стартавым складзе. У ліпені 2021 года па пагадненні бакоў пакінуў каманду[14].