Хвар (харв.: Hvar) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча — 297,37 км². Насельніцтва — 11 103 чалавек (2011). Адміністрацыйны цэнтр — горад Хвар.
Прырода
Востраў Хвар знаходзіцца на поўдні Далмацыі. Выцягнуты ў даўжыню на 72 км, у шырыню — усяго на 10,5 км. Сфарміраваны пераважна вапнякамі. Найвышэйшая кропка — гара Святога Мікалая (628 м).
Клімат міжземнаморны ўмераны з доўгім спякотным летам і мяккай зімой. Заходняе ўзбярэжжа вельмі засушлівае. У раёне горада Хвар ападкі не перавышаюць у сярэднім 686 мм у год.
Крыніцы пітной і саланаватай вады маюцца толькі на паўночным захадзе. Глебы схільныя да эрозіі.
Хвар быў населены ў неалітычную эпоху. У 4 — 3 тысячагоддзях да н. э. на ім існавала развітая ганчарнаякультура. У 384 г. быў каланізаваны старажытнымі грэкамі, якія далі яму імя Фарос («маяк»), ад якога пайшла сучасная назва вострава. У 219 г. да н. э. быў заваяваны рымлянамі.
У эпоху ранняга сярэднявечча Хвар быў населены славянамі. Уладу над ім аспрэчвалі некалькі дзяржаў, але ў XI ст. ён трапіў пад кантроль Венецыі. Венецыянцы прывезлі на востраў вінаград, які паступова ператварыўся ў важную сельскагаспадарчую культуру. Акрамя таго, тут былі створаны плантацыі араматычных алейных культур. У часы позняга Рэнесанса Хвар з’яўляўся адным з галоўных цэнтраў развіцця паўднёваславянскай культуры, асабліва літаратуры. Аднак складаныя ўзаемаадносіны з венецыянскімі патрыцыямі прывялі да паўстання 1510—1514 гг. на чале Мацея Іваніча.