У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Шварц.
Уільям Самуэль Шварц (англ.: William S. Schwartz, 23 лютага 1896, Смаргонь — 10 лютага 1977, Чыкага, ЗША) — жывапісец, графік і скульптар.
Біяграфія
Нарадзіўся ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і Шмуэля Шварца.
Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у віленскай Мастацкай школе, дзе вучыўся ў 1908—1912 гадах.
У 1914 годзе эміграваў у ЗША. На працягу некалькіх месяцаў ён жыў у сваякоў, працаваў маляром. У 1915 годзе пераехаў у Чыкага, працягнуўшы сваё навучанне да 1917 года ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў. Шварц займаўся пад кіраўніцтвам жывапісца Карла Альберта Буэра, яркага прадстаўніка імпрэсіянізму ў амерыканскім мастацтве пачатку ХХ стагоддзя.
Пераважна працуючы ў галіне станковага жывапісу, паспяхова спрабаваў сябе ў графіцы і скульптуры. Паралельна браў урокі опернага вакалу (тэнар), выступаў у мюзіклах, оперных пастаноўках, на радыё, атрымаў спрыяльныя водгукі, але палічыў за лепшае заняткі выяўленчым мастацтвам.
У 1920—1930 гады актыўна ўдзельнічаў у групавых выставах і правёў тры персанальныя выставы ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў. Першая з іх адбылася ў 1926 годзе. Яна стала пачаткам яго паспяховай кар’еры. Творы рэгулярна адзначаліся ўзнагародамі Чыкагскага інстытута мастацтваў (1927, 1928, 1930, 1936, 1945).
Карціны розных гадоў дэманструюць уважлівае вывучэнне мастаком канцэпцый шэрагу плыняў у мастацтве канца XIX — першай палове ХХ стагоддзя: сімвалізму, фавізму, кубізму, сюррэалізму, абстракцыянізму, і, да пэўнай ступені, прытрымліванне ім.
Удзельнічаў у афармленні павільёнаў Сусветнага кірмашу ў Чыкага (1933), стварыў фрэску «Чыкага» ў бальніцы ў Кук Каўнці (1935), роспісу ў паштовых аддзяленнях у гарадах Фейрфілд, Эльдарада, Пітсфілд. Напісаў серыю жывапісных твораў «Амерыкана» (1930-я), якую склалі групавыя партрэты выбітных амерыканскіх кампазітараў, мастакоў, паэтаў, навукоўцаў.
Пейзажы і жанравыя творы 1930-х гадоў, на якіх мастак у рэалістычнай манеры адлюстроўваў віды і эпізоды з жыцця маленькіх амерыканскіх гарадоў, стылістычна блізкія рыджыяналізму — уласна амерыканскаму кірунку ў мастацтве часу Вялікай дэпрэсіі, прадстаўнікоў якога натхнялі вобразы і сюжэты амерыканскай правінцыі. Сярод работ такога роду «Ускраіна горада Мічыган» (1930); «Брыгсвіл», «Вісконсін», (1936), «Ускраіна Галены» (1938) і іншыя.
У 1930 гадах перадаў некалькі сваіх твораў у СССР для музея ў горадзе Бірабіджан, які з 1934 года стаў адміністрацыйным цэнтрам Яўрэйскай аўтаномнай вобласці.
З канца 1940 гадоў амаль выключна працаваў у абстрактнай манеры. Верагодна, пад уплывам ідэй Васіля Кандзінскага, выдатнага майстра лірычнага абстракцыянізму і аднаго з заснавальнікаў гэтага накірунку, звярнуўся да пытанняў узаемадзеяння музыкі, колеру і формы, а таксама займаўся распрацоўкай уласнай тэорыі.
Памёр мастак 10 лютага 1977 года ў Чыкага[4].
Зноскі