Тувалу (народ)

У гэтага паняцця ёсць іншыя значэнні дзяржава Тувалу і астравы Тувалу.
Тувалу
(Tuvalu)
Агульная колькасць 10000 чал. у Тувалу
Рэгіёны пражывання Тувалу
Мова тувалу
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы самоанцы

Тувалу (саманазва Tuvalu, літаральна «дзевяць разам») — карэнныя насельнікі астравоў Эліс (дзяржава Тувалу) палінезійскага паходжання. Агульная колькасць у Тувалу — 10 тыс. чалавек (2011 г.). Прыкладна столькі ж прадстаўнікоў гэтага народа пражывае ў іншых краінах — Новай Зеландыі, Аўстраліі, Кірыбаці, Наўру і інш. Да народа тувалу часам таксама адносяць карэнных насельнікаў атола Нуі (544 чал.), якія размаўляюць на мікранезійскай мове, але па матэрыяльнай культуры блізкія да палінезійскага насельніцтва краіны.

Гісторыя

Згодна паданням саміх тувалу, іх продкі трапілі на астравы Эліс з Самоа і Тонга у II тыс. н. э. Аднак археалагічныя знаходкі, зробленыя ў адной з падводных пячор на востраве Нануманга ў 1986 г., сведчаць пра тое, што астравы былі населены людзьмі ўжо некалькі тысяч гадоў таму.

Да прыходу еўрапейцаў астравіцяне не мелі адзінства і доўгі час вялі традыцыйны лад жыцця. Шчыльнае сутыкненне з еўрапейскай цывілізацыяй адбылося толькі ў XIX ст. У 1862 і 1865 гг. некалькі сот тувалу стала ахвярай перуанскіх гандляроў рабамі. З 1862 г. сярод астравіцян пачалі сяліцца міссіянеры і прадстаўнікі гандлёвых кампаній. У 1892 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат.

Пад час II Сусветнай вайны на астравах базіраваліся амерыканскія ваенныя, якія вялі баявые дзеянні з японцамі, што захапілі суседнія астравы Гілберта. Гэта паспрыяла далейшаму пранікненню еўрапейскай культуры ў асяроддзе астравіцян.

Адзіную назву Тувалу («дзевяць разам» — па колькасці астравоў і атолаў) краіна і народ прынялі толькі ў 1975 г., напярэдадні абвяшчэння незалежнасці (1978 г.).

Асаблівасці культуры

Асноўныя традыцыйныя заняткі — трапічнае земляробства і лоў рыбы. Паколькі астравы маюць каралавае паходжанне, то глебы тут не вельмі ўрадлівыя, адчуваецца недахоп вады. Але тувалу прызвычаіліся саджаць клубняплоды ў ямінах, блізкіх да ўзроўню грунтовых вод. Асабліва важную ролю ў сельскай гаспадарцы адыгрывае трапічная расліна тара і яе буйная разнавіднасць пулаку. Каля вёсак і агародаў саджаюць бананы і хлебнае дрэва. Какосавая пальма лічыцца галоўнай карміцелькай. Яе вырошчваюць паўсюдна, у тым ліку на малых бязлюдных астравах.

Тувалу — выдатныя рыбаловы, адрозніваюць некалькі дзесяткаў відаў рыб, што насяляюць навакольны акіян і мясцовыя лагуны. Рыбу ловяць з дапамогай сетак, вудаў і падхватнікамі, б’юць астрогай, ужываюць плеценыя пасткі, загародкі, ловяць уначы пры святле паходняў і г. д.

Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне. Разводзяць свінняў, сабак, курэй, але іх мяса не з’яўляецца паўседзённай ежай.

Тувалу добра захавалі традыцыйныя рамёствы — выраб плеценых цыновак, веераў, кошыкаў.

Захоўваюцца перажыткі традыцыйных політэістычных культаў і асабліва культ продкаў, хаця асноўнай сучаснай рэлігіяй з’яўляецца хрысціянства ў форме пратэстанцтва. Вельмі невялікая колькасць насельніцтва спавядае бахаізм. Пад час хрысціянскіх святаў выкарыстоўваюцца ў тым ліку традыцыйныя формы мастацтва — песні і танцы.

Мова

Мова тувалу мае палінезійскае паходжанне, блізкая да мовы самоанцаў. Пісьменнасць на аснове лацінкі. Выкладаецца ў школах нароўні з англійскай.

Галерэя

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!