Тода (народ)

Тода
(தோடா)
Агульная колькасць 2600 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова тода
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы кота, тамілы, канада, гонды

Тода (саманазва தோடா ) — малы народ на поўдні Індыі. Жывуць на тэрыторыі штатаў Тамілнад, Карнатака, Махараштра, Андхра-Прадэш. Агульная колькасць (2022 г.) — 2600 чалавек[1].

Паходжанне

Тода здаўна вабілі даследчыкаў, паколькі моцна адрозніваліся ад іншых дравідамоўных народаў Індыі. Яны жывуць ў гарах, займаюцца жывёлагадоўляй. Тода значна больш светлыя, чым іх суседзі. Асабліва гэта тычыцца жанчын. Мужчыны даволі высокія, многія з доўгімі прамымі насамі, густымі валасамі і бародамі. Жанчын таксама адрозніваюць прычоскі ў выглядзе доўгіх трубчастых пасмаў.

У XIX ст. вылучаліся розныя тэорыі паходжання гэтага народа. Меркавалася, што яны трапілі ў Індыю з Блізкага Ўсходу і былі нашчадкамі старажытных яўрэяў або воінамі Аляксандра Македонскага. Нават у наш час даследчыкі часам імкнуцца супаставіць антрапалагічны склад тода з кіпрыётамі.

Самі тода лічаць сябе найстаражытнейшымі жыхарамі сваёй зямлі і звычайна ставяць сябе вышэй за суседзей. Згодна паданню, яны былі народжаны бажаством Піхці, калі тое толькі стварала свет.

Традыцыйная культура

Тода жывуць у гарах, займаюцца развядзеннем мясцовай пароды буйвалаў, прыстасаванай да паядання жорсткай травы. Спробы брытанцаў прывучыць тода да земляробства скончыліся нічым. Перададзеную ім зямлю жывёлагадоўцы аддалі ў карыстанне прадстаўнікам народаў бадага і кота, якія плацяць тода даніну. Пры гэтым мяса тода не ўжываюць наогул, аддаюць перавагу выменьванню малочных прадуктаў на раслінны харч.

Жывёлагадоўля лічыцца чыста мужчынскім заняткам. Жанчынам забараняюць хадзіць па сцяжынках, што вядуць да месцаў даення і нават гатаваць ежу на малацэ. Ваду для буйвалаў і для асабістага ўжытку бяруць у розных крыніцах.

Вёскі тода мунд малыя. Складаюцца з некалькіх жытлаў, акружаных невысокім каменным мурам. У мінулым будавалі хаціны з дрэва, трыснягу і саломы. Канструяваўся аркападобны дах, які дасягаў зямлі. Да яго ладзіліся пярэдняя і задняя сценкі. У пярэдняй сценцы рабіліся малыя дзверы, якія адсоўваліся ў бок. Памяшканне падзялялася на мужчынскую і жаночую паловы. У наш час будуюць катэджы з цэглы.

Традыцыйная вопратка актуальна і ў нашы дні. Мужчыны і жанчыны апранаюць доўгія плашчы, канцы якіх перакідаюць праз плячо. Дарослыя мужчыны носяць цюрбан. Жанчыны-тода вядомы сваім маляўнічым гафтам.

Сацыяльная арганізацыя даволі складаная. Усе тода падзяляюцца на 2 эндагамныя групы тартароль і тэйсаліоль, якія нагадваюць касты або фратрыі. Яны ў сваю чаргу складаюцца з экзагамных родаў, а роды — з сем’яў. Хатняя жывёла і зямля належаць родам, аднак маецца і прыватная маёмасць.

Сем’і вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Хлопцам забараняецца жаніцца на дочках сваіх старэйшых братоў або сёстрах бацькоў. У мінулым былі шырока распаўсюджаны дзетазабойства дзяўчынак пасля нараджэння і паліандрычныя братэрскія шлюбы, што доўгі час ўплывала на адсутнасць значнага прыросту насельніцтва. У паліандрычнай сям’і біялагічнае бацькоўства не мела значнай ролі, аднак сацыяльнае гарантавала бацьку высокі статус паміж супляменнікамі. Існуе спецыяльная цырымонія «лука і стралы», якая легалізуе статус бацькоўства за тым мужам, які яго праводзіць.

Мова

Мова тода належыць да дравідыйскай групы моў. Вылучылася з агульнага пласту ў пачатку 1 тысячагоддзя н. э. і надалей развівалася самастойна. Пісьмовасць на аснове тамільскага алфавіта.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія тода — політэізм. Усе вернікі шануюць бога-стваральніка Піхці і яго сына-стваральніка буйвалаў. Кожны род мае свайго бога-заступніка. Частка жывёлы лічыцца свяшчэннай. За ёй назіраюць святары, якія самі дояць буйваліц і спяць у месцах даення. Некаторыя рытуалы таксама могуць праводзіць старыя мужчыны. Лічыцца ганаровым бласлаўленне ад старога сваяка.

Пахавальны абрад скончваецца трупаспаленнем. Жанчын і мужчын хаваюць асобна. Каля магільняў будуюць маленькія хаціны.

Зноскі

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!