У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Юшкевіч.
Тамара Юшкевіч (1932 — 1982) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належала да смаргонскай групы арганізацыі[1]. Старэйшая сястра Таццяны Юшкевіч.
Біяграфія
Нарадзілася ў 1932 годзе ў Смаргоні Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Гродзенская вобласць).
Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. Восенню 1949 года далучылася да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але таксама планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў. У арганізацыі Тамара Юшкевіч таксама займалася далучэннем іншых сябраў: так, у 1949 годзе яна далучыла да падполля Софію Лапыцьку.
Арыштаваная ў лютым 1950 года. Летам таго ж года асуджаная ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да 25 гадоў зняволення ў канцлагерах. Пакаранне адбывала ў Забайкаллі на лесапавале і іншых работах. Восенню 1954 года была вызваленая. Вярнулася ў Смаргонь. Мясцовае начальства доўгі час не давала магчымасці ўладкавацца на работу, але потым удалося паступіць на працу на мясцовы лесазавод.
У 1982 годзе загінула, збітая аўтамашынай. Пахавана ў Смаргоні.
Зноскі
Літаратура
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.