«Суіні Тод, дэман-цырульнік з Фліт-стрыт» (англ.: Sweeney Todd: The Demon Barber of Fleet Street) (2007) — музычна-драматычны трылер рэжысёра Ціма Бёртана, экранізацыя мюзікла «Суіні Тод, дэман-цырульнік», пастаўленага ў 1979 годзе, лібрэта Х’ю Вілера, музыка Стывена Сондхайма, і які заваяваў прэмію «Тоні». Паводле легенды Суіні Тод быў англійскім цырульнікам, які забіваў кліентаў брытвай, а яго саўдзельніца, місіс Ловет, дапамагала яму пазбаўляцца ад целаў, робячы з іх начынне для мясных пірагоў.
Стужка знята ў халодных змрочных танах макабрычнай готыкі, якія нагадваюць больш ранні фільм Бёртана «Сонная Лагчына». Толькі сцэна ў мора, мроі місіс Ловетт і ўспаміны Суіні аб яго сям’і афарбаваны ў яркія, хоць і прыглушаныя, колеры.
Кінастужка атрымала ў асноўным станоўчыя водгукі, а таксама шэраг узнагарод — два «Залатыя глобусы» ў намінацыях «Лепшы фільм (камедыя ці мюзікл)» і «Лепшая мужчынская роля (камедыя ці мюзікл)» (Джоні Дэп), прэмію «Оскар» за лепшую працу мастака-пастаноўшчыка (Дантэ Ферэці (пастаноўшчык), Франчэска Ло Ск’ява (дэкаратар)), прэмію канала «MTV» за «Лепшага злыдня» (Джоні Дэп) і два «Сатурны» за «Лепшы фільм жахаў» і «Лепшыя касцюмы» (Колін Этвуд). Дэп таксама быў намінаваны на «Оскар» як лепшы акцёр, а Колін Этвуд — як лепшы дызайнер касцюмаў. Нягледзячы на невялікія касавыя зборы ў ЗША, фільм быў добра прыняты ў свеце і шмат разоў перавыдаваўся на DVD, а 18 снежня 2007 года на асобным дыску выйшаў саўндтрэк да фільма.
Крыніцы