Праводзіў цэнтралізацыйную палітыку, змагаючыся з баярскай апазіцыяй. Правёў сялянскую і вайсковую рэформу, стварыў моцнае войска і ўмацаваў абарону краіны. Ад пачатку валадарства шукаў саюзнікаў у барацьбе з асманамі, а таксама з венграмі і палякамі.
Біяграфія
У 1463 годзе ажаніўся з сястрою кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча — Еўдакіяй, напэўна, гэта быў першы шлюб Стэфана. У 1465 годзе вызваліў ад венграў і вярнуў у склад Малдавіі крэпасць Кілію, а ў 1467 годзе разбіў венгерскае войска Мацьяша Корвіна, якое ўварвалася ў Малдавію.
У 1475 годзе перамог асманаў каля Васлуя, але ў 1476 годзе пацярпеў ад іх паразу ў Валя-Албэ, краіна была спустошана, але спробы асманаў захапіць крэпасці Нямца і Сучавы былі няўдалымі, камунікацыі атакоўваліся Стэфанам III і яны былі вымушаны пакінуць Малдавію, але вайна працягвалася.
У 1480 годзе пачаў складацца саюз Стэфана III з Рускай дзяржавай, накіраваны супраць Польшчы і Літвы, адначасова засцерагаючы Малдавію з боку Крымскага ханства і Венгрыі, саюзнікаў Масквы. Малдаўскі гаспадар спадзяваўся і на дапамогу супраць асманаў, але Масква сцераглася гэтага. Саюз Стэфана III з Іванам III быў замацаваны шлюбам дзяцей — Алены Стэфанаўны і Івана Іванавіча.
У 1484 годзе асманы захапілі крэпасці Кілія і Чэтаця-Албэ. Стэфан III не атрымаў дастатковай падтрымкі ад еўрапейскіх дзяржаў і саюзнікаў і, каб атрымаць мір, узнавіў выплату даніны Асманскай імперыі. Мір быў падпісаны ў 1486 годзе.
У 1497 годзе Стэфан III перамог палякаў каля Казьмінскага лесу, скончыўшы гэтым працяглую польска-малдаўскую вайну. Перамозе спрыяў саюз з Рускай дзяржавай, літоўскія магнаты-каталікі напаўдарозе адмовіліся ісці на дапамогу палякам, баючыся вайны з Масквой, вялікалітоўскае войска не паспела да бітвы.
Валадарства Стэфана III было часам росквіту культуры, было пабудавана шмат цэркваў і манастыроў, актыўна вялося перапісванне кніг.
Пахаваны ў Путнянскім манастыры.
Захавалася шмат малдаўскіх народных паданняў і песень пра Стэфана III. У 1992 годзе кананізаваны Румынскай праваслаўнай царквой.