21 снежня2023 года адбылася ўзброеная атака на філасоўскі факультэт Карлава ўніверсітэта ў Празе. Інцыдэнт стаў пятым і найбуйнейшым масавым забойствам у сучаснай гісторыі Чэхіі з ужываннем агнястрэльнай зброі[1]. Гэта таксама самы смяротны масавы расстрэл у Еўропе пасля тэракту ў Парыжы ў лістападзе 2015 года[2].
Днём 21 снежня 2023 года паліцыя абвясціла ў вышук 24-гадовага мужчыну, які, як мяркуецца, здзейсніў забойства ў вёсцы ў раёне Кладна. Супрацоўнікі паліцыі мелі інфармацыю, што ён збіраецца прыехаць на лекцыю ў будынак Карлавага ўніверсітэта, але памылкова лічылі, што гаворка ідзе пра будынак на вуліцы Цэлетна (дом 559/14), тады як ён накіроўваўся да корпуса філасофскага факультэта на плошчы Яна Палаха (дом 1/2). Паліцыянты прыбылі на Цэлетна і хутка эвакуіравалі студэнтаў і супрацоўнікаў. У гэты час зламыснік увайшоў у будынак філасофскага факультэта, дзе падняўся на дах і адкрыў агонь па людзях, якія знаходзіліся на плошчы. Першы званок у паліцыю з паведамленнем аб стральбе паступіў у 14:59 (CET)[4].
Неўзабаве да месца здарэння прыбылі супрацоўнікі ўсіх сілавых структур горада, якія прыступілі да эвакуацыі будынка, ачапілі плошчу і прылеглыя да яе вуліцы і зачынілі станцыю метро «Старамесцка»[5][6]. Па даных тэлеканала TV Nova, паліцыянты выкрыквалі абразы ў адрас нападніка, каб адцягнуць яго ўвагу ад ахвяр, якія спрабавалі эвакуявацца[7]. Праз гадзіну паліцыя пацвердзіла, што нападнік нейтралізаваны[8].
Загінулыя і пацярпелыя
Выступаючы ўвечары пасля здарэння на прэс-канферэнцыі, кіраўнік паліцыі Чэхіі заявіў, што ў выніку стральбы агулам загінулі 15 чалавек, 25 пацярпелі, з іх 10 атрымалі цяжкія раненні[9].
Раніцай наступнага дня міністр унутраных спраў Віт Ракушан заявіў, што паліцыі вядомыя асобы ўсіх пятнаццаці загінулых і што адным з іх з’яўляецца сам нападнік. Сярод 25 параненых было трое замежнікаў[10] (адзін грамадзянін Нідэрландаў і двое грамадзян ААЭ).
Адной з ахвяр стала Ленка Глаўкова — кіраўнік Інстытута музычных навук філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта, член Кембрыджскай навуковай асацыяцыі «Еўрапейская акадэмія», якая займалася даследаваннем сярэднявечнай і ранняй музыкі Новага часу, а таксама выкладала гісторыю музыкі на факультэце[11][12].
Асоба нападніка
Паводле папярэдніх звестак, злачынцам з’яўляецца 24-гадовы студэнт філасофскага факультэта Давід Козак (чэшск.: David Kozák). Нападнік пражываў у вёсцы Хостаўнь за 9 кіламетраў ад Прагі[13]. У чэрвені 2022 года ён абараніў бакалаўрскую працу па тэме «Праблематыка антаганізму Галіцкага сялянскага паўстання і Кракаўскага паўстання ў 1846 годзе»[14][15] і атрымаў ступень бакалаўра гісторыі і еўрапейскіх даследаванняў. 28 красавіка 2023 года ў пасольстве Польшчы ў Празе яму была ўручана прэмія Марыяна Шыйкоўскага, якую яму прысудзіў Польскі інстытут у Празе ў катэгорыі Лепшая бакалаўрская праца[16].
На прэс-канферэнцыі паліцыя паведаміла, што злачынец выкарыстаў даўгаствольную агнястрэльную зброю, якой валодаў легальна; у агульнай складанасці ён валодаў васьмю адзінкамі зброі, дзве з якіх з’яўляюцца даўгаствольнымі, усе яны былі зарэгістраваныя[17][18].
З самага пачатку паліцыя прапрацоўвала версію, што зламыснік быў таксама вінаватым падвойнага забойства ў Кланавіцкім лесе, якое адбылося за шэсць дзён да гэтага[19]. Пасля гэтая версія была пацверджана балістычнай экспертызай[20].