«Снег» (турэцк.: Kar) — раман турэцкага пісьменніка Архана Памука. Упершыню апублікаваны на турэцкай мове ў 2002 годзе.
Апісанне
Паводле аўтара, уся кніга з’яўляецца сумессю трагедыі і фарсу, іроніі і драмы, смеху і слёз[1]. Дзеянне рамана адбываецца ў 1990-х гадах[2]. Спачатку гісторыя распавядаецца пераважна ад трэцяй асобы з пункту гледжання Ка, галоўнага героя. Нягледзячы на гэта, часам дае аб сабе ведаць і апавядальнік, які ўсё ведае. Ён прадстаўляецца сябрам Ка, што распавядае яго гісторыю на аснове дзённікаў і перапіскі Ка. Гэты апавядальнік часам дае чытачу інфармацыю, якую Ка на той момант яшчэ не ведае, ці прадвяшчае наступныя падзеі гісторыі. Пазней мы даведваемся, што апавядальніка клічуць Архан і ён з’яўляецца пісьменнікам. У канцы рамана апавядальнік сам становіцца дзеючай асобай.
Месцам дзеяння абраны горад Карс (у адрозненне ад большасці раманаў Памука, якія разгортваюцца ў Стамбуле[3]). Гэты горад не падобны да іншых турэцкіх гарадоў, бо пасля шматгадовай прыналежнасці Расійскай імперыі ён захаваў унікальную для Турцыі архітэктуру[4].
На турэцкай мове мянушка галоўнага героя Ка (утворана ад ініцыялаў яго поўнага імя, Керым Алакушоглу), горад Карс і назва рамана (турэцк.: Kar) сугучныя.
Змест
Ка — паэт, які вяртаецца ў Турцыю пасля 12 гадоў палітычнага выгнання ў Германіі. Ён адправіўся ў Карс па некалькіх прычынах: па-першае, як журналіст, па просьбе стамбульскага знаёмага журналіста для расследавання серыі самагубстваў юных дзяўчат; па-другое, у надзеі сустрэць жанчыну, якую ён ведаў. Цяжкі снег прыкладна на тры дні адразае Карс ад знешняга свету. За гэтыя тры дні Ка гутарыць з такімі людзьмі, як былы камуніст, прыхільнік свецкай улады, фашысцкі нацыяналіст, верагодны ісламскі экстрэміст, умераныя ісламскія дзеячы, маладыя курды, ваенныя, супрацоўнікі сакрэтнай службы і паліцыі, актор-рэвалюцыянер. Падчас вымушанай ізаляцыі горада ў Карсе адбываецца ваенны пераварот.
Асноўнай тэмай кнігі з’яўляецца ўзаемадзеянне секулярызма і рэлігіі, але ў рамане ёсць і адсылкі да ўсёй гісторыі Турцыі дваццатага стагоддзя. Паводле выказвання аўтара, галоўны герой апынуўся заціснутым паміж еўрапейскімі ідэаламі і рэаліямі Турцыі[5].
Узнагароды і прэміі
Зноскі
Спасылкі