Саюз студэнтаў — грамадзян БССР — беларуская студэнцкая арганізацыя ў Чэхаславакіі, якая існавала з 1925 года да канца 1920-х гг. Аб’ядноўвала па-прасавецку настроеную моладзь, якая пасля заканчэння вучобы збіралася ехаць на працу ў Савецкую Беларусь. Фінансавалася савецкім прадстаўніцтвам у ЧСР[1].
На арганізацыйным сходзе Саюза студэнтаў - грамадзян БССР, які адбыўся вясной 1925 года, была агучана галоўная мэта арганізацыі – «дапамога маладым людзям пасля сканчэння вучобы праз прадстаўніцтва СССР атрымаць савецкае грамадзянства і дазвол на ўезд у БССР». У прэзідыум саюза ўвайшлі М. Каўцэвіч (старшыня), Г. Муха (намеснік старшыні), М. Рагуля, Р. Тананко, М. Шыманка. У маі 1925 года Саюз студэнтаў-грамадзян БССР быў зарэгістраваны як філіял Саюза студэнтаў-грамадзян УССР[2].
У канцы 1925 года ў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР уваходзілі ўжо 15 чалавек[2].
Чэхаславацкія ўлады афіцыйна зацвердзілі саюз толькі 23 чэрвеня 1926 года. Згодна са статутам саюз з’яўляўся апалітычнай арганізацыяй. Дзейнасць саюза, як і «Грамады», працякала пад пільным наглядам з боку Марксісцкай групы. Усе рашэнні спачатку абмяркоўваліся ў групе, а пасля ўжо выносіліся на разгляд саюза[2].
На ўстаноўчым сходзе Саюза студэнтаў-грамадзян БССР, які праходзіў 30 лістапада 1926 года, былі працягнуты паўнамоцтвы старшыні арганізацыі М. Каўцэвіча. У прэзідыум абралі А. Карповіча, М. Пілецкага, М. Рагулю, М. Шыманку[2].
М. Каўцэвіч з невялікім перапынкам займаў пасаду старшыні саюза да 1930 года. З лістапада 1927 да красавіка 1928 года арганізацыю ўзначальваў М. Пілецкі[2].
У саюз уваходзілі пераважна беларускія студэнты Пражскай політэхнікі. Да 1927 года саюз налічваў каля 30–35 сяброў, пазней колькасць членаў арганізацыі не перавышала 15 чалавек[2].
Істотным складальнікам дзейнасці беларускіх прасавецкіх аб’яднанняў у Празе была крытыка польскай палітыкі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі. Беларускія прасавецкія студэнты рэгулярна прымалі ўдзел у мерапрыемствах антыпольскай накіраванасці[2].
У канцы 1920-х гадоў Саюз студэнтаў - грамадзян БССР застаўся адзінай саветафільскай арганізацыяй у Празе. Уся праца саюза ў першай палове 1929 года абмежавалася правядзеннем некалькіх лекцый. На той час у аб’яднанні налічвалася ўсяго 10 сяброў[2].
Нарастанне аўтарытарных тэндэнцый у кіраўніцтве БССР і палітычныя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў канцы 1920-х – 1930-х гадах паўплывалі на адыход ад працы ў прасавецкіх арганізацыях часткі ранейшых іх прыхільнікаў, а таксама прывялі да канчатковай кампраметацыі зменавехаўскага руху сярод неангажыраваных у дзейнасць прасавецкіх арганізацый прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі[2].
У пачатку 1930-х гадоў у сувязі з рээміграцыяй большай часткі сваіх сяброў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР спыніў дзейнасць[2].
Зноскі