Санацыя (Польшча)

Юзаф Пілсудскі

Сана́цыя (польск.: Sanacja ад лац.: sanatio — аздараўленне) — назва палітычнага руху, які ўзнік у сувязі з абвяшчэннем Юзафам Пілсудскім лозунгу «маральнай санацыі» грамадскага жыцця ў Польшчы, высунутага падчас падрыхтоўкі і падчас майскага перавароту 1926 года.

Аснову руху склалі былыя армейскія афіцэры, у якіх карупцыя ў польскай палітыцы выклікала агіду. Санацыя была кааліцыяй розных палітычных сіл з акцэнтам на ліквідацыю карупцыі і скарачэнне інфляцыі.

Галоўнай палітычнай арганізацыяй санацыі быў Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам (1928—1935) (польск.: Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem Józefa Piłsudskiego (BBWR)), а з 1937 года —Лагер нацыянальнага аб’яднання.

У жніўні 1926 года ў Канстытуцыю 1921 года былі ўнесены істотныя папраўкі. Прэзідэнт атрымаў права датэрмінова распускаць сейм і сенат і прызначаць новыя выбары, выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закона да моманту зацвярджэння або не зацвярджэння іх парламентам. Сейм пачаў працаваць на сесійнай, а не на пастаяннай аснове. Толькі прэзідэнт меў права адкрываць і закрываць яго сесіі. Уводзілася папярэдняя цэнзура прэсы.

Санацыя ўсталявала аўтарытарнае кіраванне, змагалася з камунізмам, абвяшчала тэзісы пра крызіс дэмакратыі, неабходнасць моцнай улады і ліквідацыі апазіцыйных партый. У цэлым рэжым Пілсудскага насіў правацэнтрысцкі, кансерватыўна-патэрналісцкі характар.

Прыкладамі барацьбы з апазіцыяй, апрача іншага, былі: стварэнне канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай, Брэсцкі працэс, абвяўчэнне па-за законам Лагера вялікай Польшчы, а таксама Нацыянальна-радыкальнага лагера, абмежавання свабоды друку і сходаў.

У красавіку 1935 года, незадоўга да смерці Пілсудскага, у Польшчы была прынята новая Канстытуцыя, у якую ўвайшлі асноўныя прынцыпы Санацыі: моцная цэнтралізаваная дзяржава з прэзідэнцкай сістэмай кіравання. Неўзабаве пасля смерці Пілсудскага рух сутыкнуўся з шэрагам унутраных праблем і рознагалоссяў. Урэшце ён распаўся на тры асобныя кірункі:

  1. Левая санацыя (польск.: Lewica sanacyjna), з лідарам Валерыем Славакам (польск.: Walery Sławek), якая імкнулася да пагаднення з апазіцыяй;
  2. Замкавая група (польск.: Zamek), сфарміраваная вакол прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага (які пражываў у Варшаўскім замку — адсюль і назва) — цэнтрысты;
  3. Правая санацыя (польск.: Prawica sanacyjna), што гуртавалася вакол Эдварда Рыдз-Сміглы ў саюзе з Лагерам нацыянальнага аб'яднання — нацыяналісты.

Першы з гэтых кірункаў неўзабаве страціў сваё значэнне, а два іншыя працягвалі барацьбу за ўплыў да пачатку вайны.

Другая сусветная вайна паклала канец ураду санацыі, але яе дзеячы захавалі значныя сувязі ў эмігранцкім урадзе і яго структурах у Польшчы.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!