Сага пра нашчадкаў Кнута, Сага пра Кнютлінгаў (стар.-сканд.: Knýtlinga saga) або Жыціе дацкіх конунгаў (стар.-сканд.: Ævi Danakonunga) — адна з каралеўскіх саг, прысвечаных жыццю манархаў Даніі пачынаючы прыкладна з 950 года н.э. з кіравання Харальда Сінязубага і сканчаючы 1187 годам, калі Кнуд VI атрымаў перамогу ў паходзе на Вендаў. Сага напісана ў Ісландыі прыблізна ў 1260 годзе.
Сага цесна звязана з працай Сноры Стурлусана пра гісторыю нарвежскіх конунгаў — Кругам зямным. Як і Сноры, аўтар сагі часта выкарыстоўвае скальдычныя песні ў якасці дакументальнай крыніцы.
Ёсць вялікая верагоднасць, што аўтарам сагі быў Олаф Тордарсан, пляменнік Сноры Стурлусана. Олаф знаходзіўся пры двары дацкага конунга Вальдэмара Пераможнага, брата Кнуда VI, у 1240-41 гадах, і Вальдэмар забяспечыў Олафа каштоўнымі звесткамі.