У 1912 годзе ў дзень 100-годдзя з дня перамогі ў Кобрыне быў закладзены помнік[1]. Узвядзенне помніка адбывалася на добраахвотныя ахвяраванні вайсковых часцей 38-й пяхотнай дывізіі і 38-й артылерыйскай брыгады, а таксама насельніцтва Гродзенскай губерні. Расквартыраваны ў Кобрыне 150-ы пяхотны Таманскі полк аказваў дапамогу ў дастаўцы будаўнічых матэрыялаў. Аўтар праекта гродзенскі інжынер-будаўнік Д. Маркаў (1881—1943) бязвыплатна прыняў на сябе аўтарскае назіранне і кіраўніцтва за ўсімі працамі па ўзвядзенні помніка. Мураваныя работы ажыццяўляў майстар Ярасінскі з Брэста. Лепку і адліўку бронзавага арла, выкананне і ўстаноўку памятных мармуровых дошак ажыццяўляў вядомы польскі скульптар Сігізмунд Ота[pl] (1874—1944) з Варшавы[2].
На пастаменце з гранітных валуноў, які нагадвае скалу, устаноўлены бронзавыарол з распасцёртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах, абапал — марціры з пірамідкамі ядраў. На фасаднай і бакавых гранях пастамента — 3 мармуровыя дошкі. На пярэдняй дошцы (шэра-зялёнага колеру) надпіс: «Рускім воінам, якія атрымалі першую перамогу над войскамі Напалеона ў межах Расіі 15 ліпеня 1812 г.», на бакавых (белага колеру) пералічаны палкі, часці рускай арміі, што ўдзельнічалі ў Кобрынскай бітве, і фундатары помніка[1].