Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў — помнік у Гарадку (Беларусь), размешчаны на вуліцы Баграмяна.
Горад Гарадок быў вызвалены 24 снежня 1943 г. 11-й гвардзейскай арміяй 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі.
У баях за горад прымалі ўдзел воіны 2-й гвардзейскай мінамётнай дывізіі. У ліку 12 воінскіх часцей, якія вызначыліся ў гэтых баях, ёй прысвоена найменне «Гарадоцкай». У 1983 г. да 40-годдзя з дня вызвалення Гарадка ў гонар воінаў 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага Гарадоцка-Берлінскай мінамётнай дывізіі вучнямі школы № 703 г. Масквы быў распрацаваны і ажыццёўлены праект помніка.
Архітэктура
Помнік мае асіметрычную кампазіцыю, дамінантай якой з’яўляецца вертыкальная стэла з рэльефнымі выявамі ордэнаў Чырвонага Сцяга і Аляксандра Неўскага. На другім плане — гарызантальная бетонная панель са стылізаванай рамай ракетнай устаноўкі, мемарыяльнай дошкай-прысвячэннем, выявамі зоркі і ордэнскай стужкі.
Спасылкі
- Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 204.