Помнік вызвалення — помнік помнік у Гарадку (Беларусь), знаходзіцца на перакрыжаванні вуліцы К. Маркса з вуліцай Пралетарскай.
Гісторыя
Камандаванне нямецкіх войск надавала вялікае значэнне Гарадку як важнаму апорнаму пункту на Віцебскім напрамку. На подступах да горада былі створаны 4 лініі ўмацаванняў, сцягнуты буйныя сілы. Да войск 3-й танкавай і паўднёвага крыла 16-й армій, якія абаранялі гарадоцкі выступ, гітлераўцы перакінулі 2 пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, 5 пяхотных і 1 танкавую дывізію з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр». Горад вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі (13—31 снежня 1943 года) войскамі правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту. Да 21 снежня 1943 года савецкія войскі авалодалі 2 знешнімі лініямі абароны нямецкіх войск і выйшлі на рубеж возера Кашо, рэк Гаражанка і Пальмінка. 23 снежня была прарвана і 3-я лінія абароны. У ноч на 24 снежня 83-я гвардзейская і 26-я гвардзейская стралковыя дывізіі з захаду, 11-я гвардзейская з усходу і 5-я гвардзейская стралковыя дывізіі з поўначы пайшлі на штурм Гарадка. У выніку цяжкіх баёў апоўдні 24 снежня горад быў вызвалены.
Часцям і злучэнням, якія вызначыліся ў баях за Гарадок: 5-й, 11-й, 26-й Усходне-Сібірскай, 83-й гвардзейскім Чырванасцяжным стралковым дывізіям, 10-й гвардзейскай танкавай брыгадзе, 545-у мінамётнаму, 523-у карпусному артылерыйскаму, 488-у гарматна-артылерыйскаму палкам, 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай мінамётнай дывізіі, 259-й знішчальнай авіядывізіі, 17-й знішчальнай процітанкавай артылерыйскай брыгадзе, 6-му гвардзейскаму інжынернаму батальёну — нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Помнік
У 1975 годзе у гонар вызвалення горада ад нямецкіх войскаў пастаўлены помнік — V-падобная двухгранная стэла. У цэнтры яе аб’ёмная выява пяціканцовай зоркі, у завяршэнні — 12 пліт з назвамі часцей і злучэнняў, якія вызвалялі горад. Абапал стэлы — 2 гарызантальныя бетонныя блокі з надпісамі-інфармацыяй.
Літаратура
- Помнік Вызвалення // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 204.