Першыя партызанскія зоны на тэрыторыі БССР — Акцябрска-Любанская, Клічаўская ўтварыліся ўвосень 1941 года, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пачатку 1943 года Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР да пачатку 1943 года партызаны кантралявалі каля 50 000 км², на канец 1943 года — 108 000 км² (58,4% акупаванай тэрыторыі Беларусі), у тым ліку 37 800 км² было ачышчана ад праціўніка поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі беларускіх, рускіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны партызанскія зоны ў раёнах Беларусі і сумежных з ёй рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партызанскія краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч—Мазыр—Тураў (14 раёнаў, больш за 200 000 чалавек), на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (плошча 10 000 км²), у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны. На тэрыторыі партызанскіх зон дзейнасцю насельніцтва і партызан кіравалі партызанскія абкомы, міжрайкомы, райкомы КП(б)Б, якія тут і дыслацыраваліся. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэпутатаў працоўных. Ролю органаў улады выконвалі найчасцей партызанскія атрады, спецыяльна створаныя імі камендатуры, якія падтрымівалі парадак у вызваленых населеных пунктах, вырашалі гаспадарчыя пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Партызанскія зоны з’яўляліся базай і своеасаблівым тылам, дзе партызаны прымалі самалёты з Вялікай зямлі, рыхтавалі рэзервы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнымі экспедыцыямі (Боўкінская абарона, Здзітаўская абарона, Каткоўская аперацыя, Лепельская аперацыя, Полацка-Лепельская бітва, Хаценчыцкі бой, Чудзінскі бой). У перыяд вызвалення Беларусі існаванне партызанскіх зон перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню савецкіх войск.
Партыза́нскія зо́ны // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 563. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!