21 лістапада 2024 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт дзейнага прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны краіны Ёва Галанта[1]. Ордэр быў таксама выдадзены на галоўнакамандуючага ваенным крылом ХАМАС Мухамада Дэйфа, які, па паведамленнях ізраільскай арміі, быў забіты ў ходзе авіяўдару ў ліпені 2024 года[2][1].
Гісторыя
20 мая 2024 года Генеральны пракурор МКС Карым Хан запытаў выдаць ордар на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, міністра абароны Ізраіля Ёва Галанта і трох лідараў ХАМАС: Ях’я Сінвара, Мухамада Дэйфа і Ісмаіла Ханіі[3].
Карым Хан абвінаваціў лідараў ХАМАС у тым, што тыя нясуць адказнасць за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці — забойствы, захоп закладнікаў, акты сексуальнага гвалту, катаванні. Генпракурор падкрэсліў, што гэтыя злачынствы былі часткай шырокамаштабных і сістэматычных нападаў на грамадзянскае насельніцтва Ізраіля з боку ХАМАС і іншых палесцінскіх узброеных груповак[4].
Прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху і міністра абароны Ёва Галанта генеральны пракурор абвінаваціў у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых на палесцінскіх тэрыторыях ізраільскай арміяй, у ліку якіх галадамор мірнага насельніцтва ў якасці метаду вядзення вайны і наўмысныя напады на цывільных асоб[4].
Навіна пра намер Хана атрымаць ордар на арышты лідараў Ізраіля і ХАМАС выклікала шырокі рэзананс у свеце[5]. Многія лідары заходніх краін былі абураныя дзеяннямі генпракурора МКС, у прыватнасці прапанову выдачы ордара на арышт кіраўніцтва Ізраіля асудзіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн[6]. Аднак шэраг іншых дзяржаў, уключаючы Францыю, Бельгію і Ірландыю ўхвалілі ініцыятыву[7].
Улады Ізраіля рэзка раскрытыкавалі абвінавачванні ад МКС[8][6]. Нетаньяху заявіў, што генпракурор «падрывае права любой дэмакратыі на самаабарону ад тэрарыстычных арганізацый і агрэсараў», а таксама абвінаваціў Хана ў антысемітызму[9]. Пры гэтым прэм’ер заявіў, што гэта не перашкодзіць Ізраілю знішчыць ХАМАС[6]. МЗС краіны назвала ініцыятыву «гістарычнай ганьбай»[9].
З асуджэннем ініцыятывы пракурора выступілі і ў ХАМАС, дзе заявілі, што групоўка «рашуча асуджае спробы пракурора Міжнароднага крымінальнага суда прыраўняць ахвяру да кату, выдаўшы ордар на арышт шэрагу лідараў палесцінскага супраціву»[8].
CNN адзначала, што ўпершыню МКС пачаў працэс пераследу лідара дзяржавы-саюзніка ЗША[10].
ЗША рэзка асудзілі выдачу ордара, пачаўшы аказваць ціск на МКС[11][12]. Гэтыя дзеянні паднялі пытанне падвойных стандартаў амерыканскай палітыкі, бо ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, які Вашынгтон падтрымаў, абапіраўся на тую ж юрыдычную аснову, што і ордары на арышт Біньяміна Нетаньяху і Ёва Галанта[12][13].
Крыніцы